У Вільні праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь», Латушка і Пракоп'еў патрабуюць стварэння ўрада АНЛАЙН

абнаўляецца анлайн

Канферэнцыя «Новая Беларусь», прымеркаваная да другой гадавіны з дня выбараў-2020, праходзіць у Вільні. Яна сабрала лідараў грамадзянскай супольнасці і руху за свабодныя выбары. Пачалася яна з выступу Святланы Ціханоўскай.

08.08.2022 / 10:05

Анлайн-трансляцыю можна глядзець тут. Свой анлайн на сайце вядзе і «Наша Ніва».

Сустрэча праводзіцца ў фармаце канферэнцыі, а не кангрэсу, а значыць не плануецца галасавання па дакументах ці рашэннях. Разам з тым, спікеры кожнай з панэляў, чакаецца, выйдуць з супольным бачаннем па стратэгічных прыярытэтах, транзітным перыядзе, рэформе дэмакратычных сілаў, дапамозе грамадзянскай супольнасці. Гэта могуць быць пэўныя дакументы ці планы далейшых дзеянняў.

Чакаецца, што з Канферэнцыі пачнецца перафарматаванне Каардынацыйнай рады і стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету, у які ўвойдуць прадстаўнікі розных структураў.

Офіс Ціханоўскай падкрэслівае, што асноўнымі мэтамі дэмакратычных сілаў застаюцца наступныя пяць: 

  1. адхіліць нелегітымны рэжым ад улады,
  2. вызваліць і рэабілітаваць усіх зняволеных па палітычных матывах,
  3. абараніць незалежнасць і вывесці з краіны замежныя войскі,
  4. правесці сумленныя выбары,
  5. наладзіць у краіне дэмакратычныя інстытуты.

Удзел возьмуць заўважныя прадстаўнікі беларускага грамадства з розных сацыяльных груп і розных поглядаў. Запрашэнні на ўдзел атрымалі 48 экспертаў, 45 прадстаўнікоў бізнэсу, 128 прадстаўнікоў грамадскага сектару, 49 прадстаўнікоў медыясупольнасці (у тым ліку блогеры), 25 былых палітвязняў ці сем'і цяперашніх палітычных вязняў, 59 прадстаўнікоў палітычных структураў. 153 заяўкі прыйшло з формы свабоднай рэгістрацыі. Удзел у канферэнцыі пацвердзілі 321 чалавек і 51 прадстаўнік СМІ.

Арганізатары канферэнцыі — 18 чалавек. Гэта прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай, НАУ, Каардынацыйнай рады, «Сумленных людзей», руху «Супраціў», Bypol, палітычных партый і экспертнай супольнасці, у тым ліку: Павел Латушка, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Дабравольскі, Аляксандр Азараў, Валеры Мацкевіч, Алена Жываглод, Вольга Кавалькова, Уладзімір Астапенка і іншыя. Усе імёны не раскрываюцца ў тым ліку з прычын бяспекі.

Праграма мерапрыемства — па спасылцы. Пачатак а 12-й.

Nashaniva.com