«Бела Кола» заменіць у Расіі «Кока-Колу»

Нядаўна прадстаўнікі беларускага і расійскага бізнэсу падпісалі мемарандум аб пашырэнні дзелавых кантактаў у галіне інавацый. У рамках гэтага дакумента, як паведамляе тэлеканал СТВ, Беларуская «Бела-Кола» заменіць амерыканскую газіроўку, вытворцы якой сышлі з рынку суседзяў.

07.08.2022 / 17:44

Яшчэ ў маі Мінскі завод безалкагольных напояў, які вырабляе «Бела-Колу», нарасціў пастаўкі сваёй газіроўкі ў Расію на 50%. Пра тое, якія яе аб'ёмы будуць пастаўляцца туды цяпер, не ўдакладняецца.

У сюжэце СТВ адзначаецца, што беларускі вытворца захаваў імпартныя тэхналогіі напою.

Аднак без канкурэнцыі на новым рынку не абыдзецца: восенню ў Расіі з'явяцца і свае газаваныя напоі, якімі плануюць замясціць брэнд, які пакінуў рынак. Напрыклад, пакупнікам ужо абяцалі з'яўленне на паліцах крам такіх марак, як «Добрый Cola» або «Добрый Orange».

Дарэчы, раней паведамлялася, што ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Шклоўскага раёна кола прымяняецца для выпойвання хворых цялят. І нібыта айчынны аналаг для гэтага падыходзіць нават лепш:

«Паводле слоў дырэктара калгаса, беларуская «Бела-Кола» больш эфектыўная ў лячэнні цялят, чым замежная Coca-Cola. Па складзе і тэхналогіях што адна, што другая плюс-мінус аднолькавыя, адзінае адрозненне — у беларускай коле ёсць кафеін, растлумачылі на прадпрыемстве. Цяляты п'юць, і становяцца больш бадзёрыя».

Чытайце таксама:

Цялят на шклоўскай ферме перавялі з Coca-Cola на патрыятычную Бела-Колу

На ферме ў Шклоўскім раёне цялятам даюць «Кока-Колу» 

Nashaniva.com