Кампанія Meta адключыла больш за тысячу фэйсбучных і інстаграмных троляў

Пра пазбаўленне ад троляў паведамляецца ў справаздачы кампаніі, піша Радыё Свабода. Яны працавалі штодня «з невялікім перапынкам на абед». Усяго пакуль што выдалілі 45 акаўнтаў «троляў» у сацыяльнай сетцы Facebook і 1037 — у Instagram. 

05.08.2022 / 19:36

Meta пачала расследаванне падазронай актыўнасці пасля публікацыі сайта «Фонтанка», якая выкрывала «фабрыку троляў», публічна каардынаваную праз тэлеграм-канал «Кібер фронт Z».

Падчас расследавання Meta выявіла спробы «заспаміць» пасты ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, TikTok, Twitter, YouTube, LinkedIn, «ВКонтакте» і «Аднакласнікі».

Мішэнямі станавіліся палітыкі, журналісты, акцёры і камерцыйныя брэнды з усяго свету — усе, хто публічна асуджаў расійскае ўварванне і падтрымліваў Украіну.

Аперацыя мела відавочны і ўтоены складнікі, гаворыцца ў справаздачы Meta. Публічна ў тэлеграм-канале «Кібер фронт Z», у якім цяпер больш за 110 тысяч падпісчыкаў, рэгулярна публікаваліся заклікі пераходзіць па спасылках на акаўнты або пэўныя пасты і пакідаць пад імі прарасійскія каментары. Тым жа займаліся і фальшывыя акаўнты, якімі таемна кіруе «фабрыка троляў», — «верагодна, каб стварыць уражанне, што яе краўдсорсінг быў эфектыўным».

Вывучыўшы актыўнасць падазроных каментатараў, у Meta прыйшлі да высновы, што яны працавалі сем дзён на тыдзень «з невялікім перапынкам на абед». Акрамя таго, Meta выявіла «асобныя выпадкі», калі адзін і той жа акаўнт публікаваў і прарасійскія, і праўкраінскія каментары з розніцай у некалькі хвілін. У кампаніі выказалі здагадку, што гэта магло быць спробай падарваць дзейнасць «фабрыкі троляў» знутры.

Пасля заканчэння расследавання Meta выдаліла 45 акаўнтаў «троляў» у сацыяльнай сетцы Facebook і 1037 — у Instagram. Таксама яна працягвае блакаваць іх спробы вярнуцца.

Nashaniva.com