Вось па чыім даносе затрымалі дырэктарку турыстычнага агенцтва «Віяполь»

Затрыманне меркавана адбылося сёння — праз некалькі гадзін пасля пасквіляў адной прарасійскай актывісткі.

03.08.2022 / 19:01

Галіна Патаева, дырэктарка агенцтва «Віяполь». Фота: сацсеткі

Затрыманай Галіне Патаевай 65 гадоў. З 1992 года яна працуе дырэктаркай турыстычнага агенцтва «Віяполь». У 1989 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю, а з 2006-га працавала дацэнтам на геафаку БДУ.

Кампанія «Віяполь» ладзіць туры па Беларусі па розных напрамках. 

Сёння раніцай на Галіну Патаеву накінулася прарасійская блогерка Вольга Бондарава. «Бэчэбэшніца і антысаветчыца», — гнеўна пісала Бондарава.

Фота: скрыншот з ютуб-канала Вольгі Бондаравай

Абуралася таксама словамі дырэктаркі агентва пра «Лінію Сталіна» — Галіна расказвала ў інтэрв'ю газеце «Турызм і адпачынак», што ніколі не ладзіла экскурсій туды і выступае за перайменаванне.

«Напэўна, у Еўропе мала каго б прыцягнуў аб'ект пад назвай «Лінія Гітлера», дык чаму мы глядзім на гэта скрозь пальцы», — казала жанчына.

У шаленства Бондараву прывялі і сацсеткі Патаевай, і тое, што яе апошнія допісы былі па-беларуску. Прапагандыстка заклікала сілавікоў звярнуць увагу на кіраўніцу «Віяполь».

Ужо праз некалькі гадзінаў ГУБАЗіК выклаў відэа з затрыманай дырэктаркай агенцтва.

Па словах сілавікоў, жанчына «актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў масавых беспарадкаў» і «займалася распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але за што менавіта яе затрымалі і ці прад'явілі штосьці — невядома.

Nashaniva.com