Самагубства ці забойства? Што вядома следству праз год пасля гібелі Віталя Шышова ў Кіеве

3 жніўня споўніўся год, як у Святошынскім парку Кіева знайшлі павешаным Віталя Шышова, аднаго з кіраўнікоў Беларускага дома ва Украіне — грамадскай арганізацыі, якую ён зарэгістраваў разам з Радзівонам Батуліным у Міністэрстве юстыцыі Украіны 7 снежня 2020 года. Гэтая арганізацыя спрабавала стаць лідарам новай беларускай дыяспары, якая стварылася пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі — тады шмат беларусаў уцякалі ва Украіну ад крымінальнага пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту або ў выбарчых штабах альтэрнатыўных кандыдатаў. «Свабода» высветліла, ці прасунулася следства ў справе пра гібель Віталя Шышова і на якой версіі спыніліся следчыя.

03.08.2022 / 13:15

Следства працягваецца, кваліфікацыя не змянілася

Паліцыя Кіева пад наглядам Кіеўскай гарадской пракуратуры працягвае расследаванне справы аб гібелі кіраўніка грамадскай арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне» Віталя Шышова.

«Кваліфікацыя падзеі не змянілася. Расследаванне, як і раней, ажыццяўляецца паводле артыкула 115 Крымінальнага кодэкса Украіны», — паведамілі «Свабодзе» ў Кіеўскай гарадской пракуратуры.

У Крымінальным кодэксе Украіны артыкул 115 мае дзве часткі: забойства, наўмыснае супрацьпраўнае прычыненне смерці іншаму чалавеку (караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў) і наўмыснае забойства пры розных абставінах, у тым ліку закладніка або выкрадзенага чалавека, з карыслівых ці хуліганскіх матываў, учыненае на замову і пры іншых абставінах (караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў або пажыццёва з канфіскацыяй маёмасці).

Цяпер, як адзначылі ў гарадской пракуратуры, следчыя чакаюць «абагульненага адказу ад замежных калег па выніках следчых вышуковых дзеянняў, праведзеных імі разам з украінскімі праваахоўнікамі».

Гэтыя следчыя дзеянні праводзіліся яшчэ летась на тэрыторыі Украіны, і іншаземцы прыязджалі, каб узяць у іх удзел. «Гэта ўсё, што мы можам цяпер сказаць», — дадалі ў Кіеўскай пракуратуры.

Вынікі экспертыз не абвяшчаюць

На пачатку ліпеня «Свабода» звярнулася з афіцыйным запытам у Офіс генеральнага пракурора і Нацыянальную паліцыю Украіны, каб даведацца дэталі расследавання. Прынамсі, вядома было, што следства ўжо мусіла атрымаць высновы замежных экспертаў па праведзеных судова-медыцынскіх экспертызах. Іх было некалькі:

Згодна з украінскім заканадаўствам, дзяржаўныя структуры мусілі адказаць на афіцыйныя запыты цягам пяці працоўных дзён. Але «Свабода» не атрымала адказу дагэтуль.

Да расследавання далучылі спецыялістаў са сферы паводзін

У снежні 2021 года кіраўнік галоўнага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве Іван Выгоўскі паведаміў журналістам, што ўпершыню ў практыцы для поўнага даследавання абставін смерці Віталя Шышова і атрымання кансультацый у сферы аналізу паводзін для ўдзелу ў следчых дзеяннях запрашалі замежных спецыялістаў у сферы паводзін. З якіх краін, ён не ўдакладняў: маўляў, тыя самі прасілі, каб гэтая інфармацыя не распаўсюджвалася.

Паводле Івана Выгоўскага, замежныя спецыялісты мусілі скласці псіхалагічны партрэт Віталя Шышова, ахарактарызаваць яго стан і прааналізаваць паказанні, якія давалі сведкі на допытах.

Імаверна, менавіта гэтае кансультацыйнае заключэнне і мелі на ўвазе ў Кіеўскай гарадской пракуратуры, калі сказалі, што чакаюць абагульненага адказу ад замежных спецыялістаў. Яго пакуль не атрымалі.

Тады ж Іван Выгоўскі паведаміў, што следства найперш разглядае версію самагубства, але не выключае варыянту, што Шышову «дапамаглі».

Вынікі незалежнага расследавання апублікаваць не паспелі

Праз некалькі дзён пасля гібелі Віталя Шышова кіраўнік аддзела расследаванняў міжнароднай групы Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што група правядзе сваё расследаванне. Яго вынікі збіраліся апублікаваць на пачатку 2022 года, але таксама гэтага не адбылося, бо Расія ўварвалася ва Украіну і пачалася поўнамаштабная вайна.

Узяцца за незалежнае расследаванне ў Bellingcat вырашылі пасля таго, як заўважылі ў Кіеве сярод эмігрантаў з Беларусі некаторых людзей, якія праходзілі па іншых іхных праектах і былі звязаныя з Федэральнай службай бяспекі Расіі.

«Паколькі мы гэтых людзей бачылі ў іншых ролях… Адны і тыя ж людзі, якія з'яўляліся ў крымінальных групах, потым з'яўляліся як эксперты на тэлебачанні, у Беларусі як сябры адных з самых актыўных апазіцыйных груп, а потым — у Кіеве сярод эмігрантаў з Беларусі. Мы правяраем цяпер перасячэнне, магчыма, гэтых людзей, якія звязаныя з ФСБ», — расказваў Хрыста Грозеў у інтэрвʼю ўкраінскім журналістам.

Таямнічая смерць Шышова

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Украіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся з Беларусі ўвосень 2020 года. Паводле сяброў, раніцай ён як звычайна пайшоў на прабежку, але не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-канала «Беларускі дом ва Украіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Яго паплечнікі сцвярджалі, што ён рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцый. Дапамагаў уцекачам з Беларусі харчамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансерам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня 2021-га яго знайшлі павешаным у Святошынскім парку Кіева непадалёк ад дома, дзе ён жыў. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дома ва Украіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сляды збіцця.

Побач з целам знайшлі тэлефон Шышова. На губе, каленях і грудзях Віталя былі сінякі, характэрныя, як сцвярджалі ў паліцыі, для аднаразовага падзення. Пад дрэвам знайшлі тры пні вышынёй 60, 50 і 50 сантыметраў. Паліцыянты звярнулі ўвагу на неадпаведнасць росту загінулага, вышыні галіны, на якой вісела цела, і даўжыні вяроўкі, што давала ім падставу сумнявацца ў суіцыдзе.

Праз паўгода пасля гібелі Віталя Шышова большасць яго паплечнікаў, якіх неаднаразова дапытвалі следчыя, зʼехалі з Украіны ў Польшчу.

Справа пра «самагубства» беларуса Шышова ў Кіеве. Чаго чакае следства?

Nashaniva.com