Мікіта Мікада расказаў, як PandaDoc сышоў з ПВТ, і назваў кампаніі, якія істотна змянілі IT у Беларусі
Мікіта Мікада даў інтэрв’ю ютуб-каналу «Жыццё-маліна» Мікіты Мелказёрава. Там ён расказаў, як ставіцца да Віктара Пракапені і ў чым крутасць беларускай IT-суполкі.
30.07.2022 / 21:11
Фота: скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»
Маўчанне, беларускае IT і Пракапеня
«Разумею калег, якія маўчалі. Разумею, чаму тая ці іншая кампанія дзейнічае якім-небудзь спосабам, разумею, якія ў іх ёсць каштоўнасці і як гэта ўсё ўзаемазлучана. Судзіць кагосьці за тое, што адзін зрабіў мала, а другі больш — гэта няўдзячная справа. Судзіць людзей трэба за тое, калі яны **рню нейкую робяць.
Маўчанне залежыць ад кантэксту. Калі чалавек націскае на кнопку, ляціць ракета і ўзрываецца ў цэнтры горада — вось за гэта яго трэба судзіць. Калі чалавек маўчыць, бо яго бацькам, сваякам пагражаюць, то гэта зусім іншая гісторыя», — кажа Мікіта Мікада.
Якая роля Пракапені ў гісторыі беларускага IT?
(Віктара Пракапеню затрымалі ў сакавіку 2015-га. Бізнэсмен правёў 9 месяцаў у мінскім СІЗА. Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Пазней СК паведаміў, што Пракапеня выйшаў на волю пасля таго, як поўнасцю кампенсаваў нанесеную шкоду памерам 650 000 даляраў).
«Не хачу судзіць людзей. У 2017 і 2018-м быў зусім іншы кантэкст, з Беларусі не запускалі ракеты ва Украіну. Я не думаю, што Віктар Пракапеня паехаў бы зараз у Беларусь, каб рабіць ПВТ 3.0», — кажа ён.
І Мікіта Мікада, і Віктар Пракапеня па-рознаму пацярпелі ад рэжыму. Апошні ж прэзентаваў Лукашэнку ПВТ.
«Напэўна, я б так не здолеў. Але я не ведаю матывацыю, якая ў яго была. Можа быць, чалавек вырашыў, што індустрыя ці будучыня краіны важнейшая, чым шэсць месяцаў у турме, якія ён правёў. Не ведаю, таму не суджу.
З бягучым кантэкстам для развіцця галіны гэта бессэнсоўна. Цяпер зразумела, што ўсе тыя старанні, якія былі зроблены тысячамі людзей, былі знішчаны. Хоць з іншага боку, людзі працавалі, вучыліся, цяпер раз'ехаліся па іншых краінах, але ў іх ёсць навыкі, веды. Яны могуць рэалізаваць сябе недзе ў свеце.
Інвестыцыі ў індустрыю, якія былі да 2020 года, важнейшыя за тыя эмоцыі, якія мы можам адчуваць гледзячы на тое, як Віктар нешта з указкай паказвае Лукашэнку», — расказвае ён.
У новай Беларусі ці мог бы Мікада адказваць за Міністэрства лічбавізацыі?
«Як у палітыка ў мяне ёсць занадта вялікі касяк. Мне вельмі падабаецца ствараць, будаваць, але ненавіджу дзяліць. Мусіць, не хацеў бы займацца вось такой дзяржаўнай дзейнасцю», — адказвае ён.
Фота: скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»
Перамовы з тэрарыстамі, Куўшынаў і «сабака брэша — вецер носіць»
Айцішнік згадвае, што адчуваў, пасля таго як у 2020-м спыніў праект дапамогі былым сілавікам у спадзеве, што супрацоўнікаў PandaDoc выпусцяць, але на волю выйшлі трое з чатырох.
«З тэрарыстамі не дамовішся. Гэта не бізнэс. Фактараў, якія маглі на нешта паўплываць, вельмі доўгі спіс. Калі Віцю [Куўшынава] не выпусцілі, я адчуў горыч, страх за чалавека. Не ведаеш, колькі яго там будуць трымаць.
Саша, жонка Віці, — супержанчына, а Віця — супермужчына. Ён трымаўся малайцом. Не першы раз, калі Віцю садзілі ў турму», — расказвае Мікіта.
(Віктара Куўшынава затрымалі 12 ліпеня 2020-га, калі сотні мінчан сабраліся каля ЦВК, каб абскардзіць адмову ў рэгістрацыі двух прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост — Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Куўшынаў быў арыштаваны на 11 сутак.)
«Калі ён выйшаў, я не памятаю, каб мы размаўлялі пра палітыку. Яго грамадская дзейнасць была асабіста яго, ён мае права на яе. Я не сказаў яму з гэтым заканчваць, таму што не суадносілася б з тымі каштоўнасцямі, якія ёсць у мяне і партнёраў па бізнэсе.
Вядома, было пачуццё віны, уставаў у 4 раніцы і рабіў працу да ночы. Адпусціла, калі Віктар выйшаў», — кажа ён.
Як PandaDoc сышоў з ПВТ
3 лютага 2022 года беларуская юрыдычная асоба PandaDoc была выключаная з дзяржаўнага рэестра.
«Ёсць пастаўшчыкі, якія закрываюць кампаніі. Мы іх нанялі, яны гэта зрабілі, — расказвае Мікіта. —
Немагчыма весці інавацыйны бізнэс у краіне, у якой тваіх супрацоўнікаў могуць у любы момант узяць у закладнікі.
Рашэнне было цяжкае, да 2020-га стараліся і інвестараў сваіх у Беларусь прывозіць, і маркетынг наладжвалі. Наіўна, але мы рабілі. Хацелася, каб Беларусь, як Сінгапур, павольна, але дакладна мянялася і станавілася інавацыйнай краінай.
З Паркам мы асабліва не маем зносіны, яны ніяк не рэагавалі на наш сыход. З 2020-га я не думаю, што любой беларускай афіцыйнай установе было добра з намі мець зносіны».
Што так і што не так з ПВТ
Ці праўда, што ПВТ — сапраўды сусветная з'ява ў IT?
«Людзі дзівяцца таму, што вырасла нейкая паралельная рэальнасць. У колькасных суадносінах беларусаў вельмі мала ў параўнанні з тымі ж індусамі. Хаця ў [Крэмніевай] даліне беларусаў жыве вельмі шмат. Мусіць, там іх столькі ж, колькі і ўкраінцаў, і расіян. Думаю, што гэта якасны паказчык: людзі жывуць там з-за айцішкі.
ПВТ — гэта падатковы рэжым, які адрозніваецца ад агульнабеларускага. Для таго, каб развіваць аўтсорсінг у Беларусі, гэта было вельмі неабходна. У аўтсорсінгу маржынальнасць любога бізнэсу не такая вялікая. Такую кампанію, як наша, было б цяжка пабудаваць, калі б не было вялікай колькасці таленавітых людзей», — адказвае ён.
«Гляджу назад і разумею, што мы былі маладыя і наіўныя, — кажа Мікіта. — Значнай часткі беларускай гісторыі з 1991 па 2020 год я проста не ведаў. Вельмі складана рабіць інавацыйныя рэчы ў асяроддзі, у якім людзі несвабодныя. Калі не немагчыма. І да 2020-га была нейкая камера, краты, проста крыху вальней».
У чым крутасць беларускай IT-суполкі?
«Шмат людзей, якія вучацца, развіваюць, дапамагаюць адно аднаму. Частка з іх да гэтага часу спрабуе працаваць у Беларусі, стаўлюся да гэтага як да іх выбару», — расказвае ён.
Зісер, EPAM, Гурскія
У чым веліч Зісера?
«Юрый зрабіў вялікую справу для грамадства.
Памятаю, што гэта была мая першая паштовая скрыня, карыстаўся ёй доўга. Класны праект TUT.BY.
Мы былі знаёмыя. Ён прыемны, сціплы, вельмі разумны чалавек», — успамінае Мікада.
Ён разважае, хто зрабіў значны ўклад у краіну.
«Кампанія EPAM, заснавальнікі істотна змянілі IT у Беларусі. Іх лабараторыі былі пры ўніверсітэтах, я ў адной з такіх нават вучыўся. Дзякуючы EPAM яшчэ нейкія аўтсорсінгавыя кампаніі з’явіліся. Гурскія таксама».
Топ сусветных прадпрымальнікаў Мікіты Мікады выглядае так:
«Ілан Маск — кумір. Чалавек умее знаходзіць нішы індустрыі і цікавыя каманды. Безас, Амазон, неверагодна складана з усіх гэтых складоў рассылаць нейкія рэчы. І Найкі».