Аўтуховіча, імаверна, выпусцілі з карцару. Ён трымае «сухую галадоўку»

Ваўкавыскі прадпрымальнік, якога вінавацяць у «тэрарызме», 13-ы дзень нічога не есьць і не п’е. Сёння ранкам для яго ўзялі перадачу. Гэта значыць, што яго, імаверна, учора выпусцілі з карцару, дзе ён правёў тыдзень, піша Радыё Свабода.

23.07.2022 / 10:47

Мікола Аўтуховіч у 2017 годзе

Аўтуховіч не заяўляў, што спыняе галаданне, аднак, блізкія прасілі дасылаць яму ваду, сокі і мёд, каб вязень у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.

Інфармацыі, як адчувае сябе вязень, няма. Аднак нагадаем, што ўжо на 10-ы дзень галадоўкі ягоны стан рэзка пагоршыўся: у яго стаў надта часты пульс, пачаліся моцныя болі і рэзі ў жываце. На наступны дзень ён сказаў, што фізічна не можа сядзець на судовым пасяджэнні.

Аўтуховіч за час галадання моцна аслабеў, абязводжаны, у яго перасохлі вусны і язык, ад яго ішоў моцны пах ацэтону.

У судзе перапынак да панядзелка.

Мікола Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваннем толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставанне нават са старой маці.

Аўтуховіч — беларускі рэкардсмен у турэмным галадаванні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005—2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.

Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён ветэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае галаданне

Nashaniva.com