Крываручка здыме для «Беларусьфільма» антыпольскі фільм

«Беларусьфільм» рыхтуе чатыры мастацкія фільмы. Пра гэта паведаміў журналістам генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, перадае БелТА.

22.07.2022 / 17:08

«З 2021 па 2022 год мы падрыхтавалі і прадставілі гледачам шэсць праектаў. Некаторыя з іх глядач яшчэ ўбачыць. Некаторыя праекты чакае фестывальная гісторыя. Акрамя таго, цяпер ідзе праца над чатырма мастацкімі фільмамі. Гэта дзве жанравыя камедыі, адзін беларуска-ўзбекскі баявік «Казбек» і нацыянальны праект «Мы адзіныя», — расказаў Уладзімір Карачэўскі.

Найбольш інтрыгоўная — апошняя пазіцыя. Відаць, гэта новы праект, якім беларуская прапаганда мастацкімі сродкамі хоча здзівіць свет. Фільм мае гістарычны сюжэт і на фоне антызаходняй у цэлым і антыпольскай у прыватнасці рыторыкі апошняга часу яго тэматыка выглядае палітычна актуальнай. 

«Нацыянальны фільм «Мы адзіныя» — гэта 1925 год, цяжкі час польскай акупацыі. Пасля мірнага Рыжскага дагавора ўся заходняя частка Беларусі апынулася пад уладай палякаў, якія імкнуліся правесці хуткі працэс асіміляцыі. Выкараніць на захопленых тэрыторыях беларускую культуру, мову, пісьмо, праваслаўную веру. Галоўны герой гісторыі — малады чалавек, беларус Павел Бойка. Смерць блізкага чалавека прымушае героя задумацца аб простых чалавечых каштоўнасцях, аб блізкіх, аб радзіме», — расказалі аб сюжэце ў «Беларусьфільме».

Аўтара сцэнарыя і рэжысёра-пастаноўшчыка гэтага фільма завуць Іван Крываручка, мастацкі кіраўнік — Аляксандр Яфрэмаў. Цяпер ідзе падрыхтоўка да здымак.

Nashaniva.com