З 2023 года ІП пазбаўляюць ільгот па выплатах у ФСАН. Каго закрануць змены і што яшчэ зменіцца для прадпрымальнікаў?
Апошнім часам улады сістэматэчна павялічваюць падатковую нагрузку на ІП. Гэтым разам яны прынялі праўкі ў закон «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання». «Наша Ніва» разбіралася, што зменіцца для ІП ужо з наступнага года.
22.07.2022 / 14:17
У Беларусі існуе пэўная катэгорыя ІП, якая карыстаецца ільготамі па выплаце ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, але ўжо з 2023 года з гэтага спісу выкрасляць даволі істотную частку прадпрымальнікаў.
Колькі трэба плаціць?
Памер узносаў у ФСАН складае 35% ад мінімальнай заработнай платы (29% пенсійнае страхаванне, 6% — сацыяльнае). Мінімальная сума за 2021 год склала 1705 рублёў. Памер адлічэнняў у ФСАН расце разам з мінімальнай заработнай платай. Так, напрыклад, з красавіка па чэрвень бягучага года МЗП складала 480,96 рубля. З гэтага вынікае, што месячны плацёж у ФСАН ад ІП мусіць складаць мінімум 168,33 рубля.
Выплата ўзносаў ажыццяўляецца на працягу года, але не пазней за 1 сакавіка наступнага года.
Але ў Беларусі існуе пэўная катэгорыя ІП, якая карыстаецца ільготамі па выплаце ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Асобы, якія трапляюць у гэты спіс, маюць права ўносіць адлічэнні на добраахвотнай аснове.
Пасля прыняцця зменаў у законе са спісу льготнікаў знікаюць прадпрымальнікі, якія знаходзяцца ў працоўных, а таксама звязаных з імі адносінах — то-бок, ІП, якія паралельна працуюць на іншай працы (прычым велічыня стаўкі не мела значэння).
З 2023 года ўсе такія ІП будуць вымушаны плаціць за сябе ўзносы ў ФСАН, нават няглядзячы на тое, што іх наймальнікі таксама будуць плаціць за іх, як за сваіх супрацоўнікаў.
У спісе льготнікаў застаюцца:
— пенсіянеры;
— студэнты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання;
— атрымальнікі дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Якія іншыя змены чакаюць ІП з 2023 года?
З наступнага года ў Беларусі адменяць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. ІП будуць вымушаны перайсці на адзіны падатак, стаўкі якога былі павялічаны ў 2-4 разы, або выкарыстоўваць падаходны падатак.
Але для многіх катэгорый, праца па спрошчанай сістэме падаткаабкладання стала недасяжнай яшчэ з 2022 года. Спрошчанай сістэмай з гэтага года ўжо не могуць карыстацца прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі.
Выключэнні да 2023 года засталіся толькі для ІП, якія займаюцца турыстычнай дзейнасцю, аховай здароўя, сухапутным транспартам, грамадскім харчаваннем, камп’ютарным праграмаваннем.