Калі Качанава апошні раз ела кнедлікі?
Наталля Качанава, якая часта публічна спачувае народам Еўропы, у рэальнасці была там пару разоў за жыццё і вельмі даўно. Паглядзелі, з чаго складаецца досвед Качанавай пры развагах аб замежжы.
22.07.2022 / 09:01
«Сёння глядзіш на долю некаторых краін — сэрца крывёю абліваецца ад спачування да ні ў чым не вінаватых людзей, якія вымушаныя літаральна выжываць праз бяздумную палітыку іх афіцыйнага кіраўніцтва. Становіцца жудасна і горка ад адной толькі думкі, што магло б быць, калі б беларусы і расіяне засталіся пры такім жа ўрадзе, як у гэтых краінах», — толькі адно з нядаўніх выказванняў Наталлі Качанавай пра гаротнае жыццё за мяжой. Але гаворыць яна пра гэта рэгулярна.
Можа быць, яна дасведчаная вандроўніца і на свае вочы бачыла тое, пра што разважае?
Качанавай 61 год. Упершыню за мяжой, па яе словах, яна была ў 1989 годзе.
«Цудоўная краіна Югаславія! У крамах багацце, прыгожая краіна, людзі, усё ў парадку, усё нармальнае. Але ў гэты час ужо ў кінатэатрах ідуць парнаграфічныя фільмы, ужо сыходзіць духоўнасць і маральнасць. І праз некалькі гадоў усю краіну проста разбамбілі», — расказвала Качанава ў адным з інтэрв'ю.
Як вынікае з даных узламанай базы «Пасажырапаток», за мяжу чыноўніца выязджала пасля ў 2006-м, ва ўзросце 46 год — два тыдні правяла ў Чэхіі. Тут, праўда, могуць быць недакладнасці адносна больш ранейшых часоў, бо база «Пасажырапаток» вядзе ўлік з 2004 года.
Праз два гады, у 2008-м, Качанава даехала да Латвіі — пабыла два дні, яшчэ праз год зноў з'ездзіла туды ж — вярнулася назад у дзень выезду. Сукупна ў Латвіі, краіне ЕС, Качанава правяла чатыры дні. У Чэхіі — дваццаць чатыры.
Два разы за жыццё Качанава была ва Украіне — па два тыдні. Апошні раз у 2013-м, да Майдану, у выніку якога прарасійскае кіраўніцтва краіны ўцякло ў Расію.
У 2017-м чыноўніца злятала ў Казахстан.
Што адметна, паездкі ў Расію як у замежжа ў базе не ўлічваюцца.
У 2010-м Качанава зноў наведвала Чэхію, дзе правяла 4 дні.
Апошняя паездка Качанавай у краіну ЕС адбылася 11 год таму, у 2011-м. Яна ездзіла ў Латвію на дзень.
Верагодна, з візітам у Еўропе чыноўніца будзе яшчэ не скора — пасля фальсіфікацый і рэпрэсій 2020-2021 гадоў яна стала персонай нон грата ў развітых краінах.