Справа артапедаў: за кратамі яшчэ застаюцца некалькі чалавек, якія не могуць сплаціць налічаную па драконаўскім мультыплікатары «шкоду»
Большасць фігурантаў нашумелай «справы траўматолагаў» ужо на волі. За кратамі працягваюць знаходзіцца некалькі чалавек, якіх кашмараць у карцары і «прэс-хатах», змушаючы прызнаць віну.
18.07.2022 / 15:49
Як вядома «Нашай Ніве», за кратамі па-ранейшаму некалькі чалавек, якія адмаўляюцца прызнаваць віну. Збольшага гэта тлумачыцца тым, што прызнанне «віны» цягне за сабой абавязак выплочаць нанесеную шкоду па дзесяцікратным мультыплікатары.
Сярод некалькіх фігурантаў, якія застаюцца ў СІЗА, ёсць загадчыкі аддзяленняў.
Тым, хто ўжо выйшаў, у чаканні суда забаранілі выезд з краіны.
Чытайце таксама: «Справа траўматолагаў»: людзі прадаюць кватэры і дамы, каб разлічыцца са следствам па дзесяцікратным мульціплікатары
Як вядома «Нашай Ніве», абвінавачаным па справе выстаўлены дзесяцікратны мультыплікатар ад «нанесенай шкоды»: у кагосьці сума выкупу перавышае сотню тысяч даляраў.
«Нехта, каб разлічыцца, вымушаны быў прадаць кватэру, нехта — недабудаваны дом. Тыя, хто не прызнаў віну і не сплаціў шкоду, — па-ранейшаму сядзяць. Адказ на пытанні родных кожны дзень ад следчых адзін: «Збірайце грошы», — казалі раней «Нашай Ніве» абазнаныя суразмоўцы.
Тыя, хто змог кампенсаваць «шкоду», з паніжэннем адпушчаныя на працоўныя месцы.
Раней мы ўжо ў дэталях паведамлялі сэнс крымінальнай справы.