Улады ў Стоўбцах паспрабавалі супакоіць грамадскасць, абураную знішчэннем брукаванкі. Атрымалася як заўсёды
Тыдзень таму стала вядома, што пад Стоўбцамі знішчылі брукаванку — першую ў гісторыі, якую ўшанавалі статусам помніка архітэктуры шэсць гадоў таму. Пра гэта распавёў краязнавец Валер Дранчук. Улады паспрабавалі апраўдацца, маўляў, гэта не той кавалак дарогі, што ахоўваецца, а іншы. Адпаведна — мелі права, чаго галасіць.
17.07.2022 / 23:34
Знішчаны ўчастак брукаванкі пад Стоўбцамі
У каментары «Мінскай праўдзе» в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль распавяла, што ў пераліку аб'ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ёсць участак брукаванкі. Ён размешчаны на 1,8-3,1 км участка аўтадарогі Н23055 і называецца «Пад'езд да горада Стоўбцы ад А/д Р2/Е85 Стоўбцы-Івацэвічы-Кобрын». Час пабудовы прыпадае на 16-19 стагоддзі. Акрамя самога ўчастка, выбрукаванага каменем, гістарычнай каштоўнасцю прызнана таксама і алея.
Начальнік ДРБУ-135 Вадзім Савіцкі пацвердзіў, што сапраўды ў гэты момант пракладваюць новую дарогу, якая ідзе ў аб'езд горада.
«Наша галоўная задача — разгрузіць вуліцы Стоўбцаў, на якіх размяшчаюцца два дзіцячыя садкі і парк, ад вялікагрузнага транспарту, які кіруецца на рэспубліканскую трасу. Будзе заасфальтаваны ўчастак, працягласць якога складае каля кіламетра, але ён не ўключае ў сябе гістарычную брукаванку. Шуміха, паднятая ў сеціве, не мае пад сабой ніякіх падстаў. Працы мы выконваем пасля абследавання ўчастка з крытычнай ямачнасцю, які быў прызнаны аварыйным. Пасля іх выканання ў горадзе стане цішэй, і дарожная бяспека павысіцца», — лічыць Савіцкі.
Але ці сапраўды не было іншага шляху?
Журналіст Радыё Свабода Дзмітрый Гурневіч паразважаў пра гэта ў фэйсбуку і апісаў тыповую памылку чыноўнікаў.
Прыводзім яго меркаванне.
«Улады ў Стоўбцах паспрабавалі супакоіць усхваляваную грамадскасць. Атрымалася як заўсёды. У віры падрыхтоўкі да абласных «Дажынак», каб зрабіць «красоту», каля гораду знішчылі брукаванку і пакладуць там асфальт. Начальнік мясцовага ДРБУ кажа, цяпер у Стоўбцах павысіцца дарожная бяспека і стане цішэй.
Без знішчэння кіламетру старога гасцінца, трэба разумець, машыны б куляліся бы яблыкі па шыферу, а шум давёў бы мясцовых да Навінак. Абурэнне эстэтаў начальнік называе шуміхай, якая не мае пад сабою падстаў. У яго ёсць аргумент: працаўнікі знішчылі не той фрагмент брукаванкі, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а іншы брукаваны кавалак перад тым адрэзкам. Адчулі, як усім адлягло? А між тым, знішчаны кавалак большы за той, што абвешчаны «каштоўным».
Усё гэта нагадала мне візіт аднаго харошага чалавека ў сельсавет адной з вёсак раёну, каб давесці да ладу габрэйскія могілкі, дзе стагоддзямі хавалі мясцовых людзей і дзе дагэтуль ляжаць старажытныя валуны з надпісамі. Чалавеку адказалі, што ніхто займацца гэтым не будзе, бо «могілкі не на балансе сельсавета». У мяне ажно сківіца пачала варушыцца, калі я пра гэта пачуў. Дык б…., пастаўце на баланс. Могілкі гінуць.
Нікому не хапіла мазгоў, каб сабрацца, паглядзець на тую брукаванку і сказаць: не, ну давайце мы і гэты кавалак захаваем, далучым да зоны аховы, ці проста пакінем, бо ў нашым раёне староцця і гістарычных перлінаў тры з паловай штукі на паўсотню кароўнікаў.
Затое хапіла фантазіі (бо на мазгі няма ўжо спадзявання), каб пасля знішчэння брукаванкі сабраць у Стоўбцах нейкую шоблу камуністаў і паўдня з вясёлымі, а часам трывожнымі тварамі (так на фотасправаздачы), асуджаць палякаў за будаўніцтва сцяны ў Белавежскай пушчы і ўручаць адзін другому драўляных зуброў у якасці падарункаў.
«Как противостояние таким действием поляков столбчане отправили 3092 подписи в ЮНЕСКО и Совет Европы», — піша раёнка. А брукаванка? Х… з ёю, яна ж не на балансе.
Кажуць, на тым кіламетровым адрэзку ямкі і нязручна ездзіць. Матачка Боская. Гэта краіна, якая славіцца дарогамі і тэхнічнай адукацыяй. Дык вазьміце і адрэгулюйце так, каб не было ямак, пастаўце знак, каб лесавозы не насіліся там як шалёныя.
Нядаўна я катаўся па чэшскім Нацыянальным парку «Шумава», там ёсць адрэзак брукаванкі (мо 10 км) паміж вёскамі. Вам не перадаць, як мяне трэсла і потым усё балела. Але я разумею, што людзі вырашылі захаваць гэты кавалак для наступных пакаленняў чэхаў. І аўтобусы там ездзяць, і машыны — проста не так хутка.
Разумею, немагчыма пакінуць брукаванку паўсюль, бо людзям дыскамфортна так жыць. Але ў чым праблема, каб пакінуць пару кіламетраў на цэлы раён? У Налібаках некалі ўсе вуліцы былі брукаваныя, цяпер застаўся лапік каля 100-200 метраў на водшыбе. Тут ён на здымку.
Усе апошнія гады я хадзіў туды кожны раз, калі прыяжджаў. Дзеці каталіся па бруку на ровары і калі іх падтрасвала, то яны наўмысна крычалі «аааа», каб потым рагатаць з гуку. А я разглядаў колеры камянёў, рабіў іх здымкі на фоне рачулкі, параўноўваў, як камяні абчасаныя і ўзгадваў імёны тых, хто гэты брук клаў, бо аднаго застаў жывым. А імёны тых людзей, якія прымаюць такія рашэнні, хочацца як мага хутчэй забыць і ніколі не ўзгадваць».