У Вінніцы развіталіся з чатырохгадовай Лізай, якая загінула ў выніку ракетнага абстрэлу
У Вінніцы родныя, сябры і гараджане развіталіся з чатырохгадовай Лізай Дзмітрыевай, якая загінула 14 ліпеня ад ракетнага абстрэлу. Мама дзяўчынкі па-ранейшаму знаходзіцца ў адной з бальніц горада з траўмай жывата.
17.07.2022 / 12:44
У дзень абстрэлу, 14 ліпеня, Ліза з мамай ішла на заняткі да лагапеда. У дзяўчынкі быў сіндром Дауна, у паўгадовым узросце яна перажыла цяжкую аперацыю на сэрцы, расказала яе бабуля Ларыса.
Ліза загінула імгненна. Маму з траўмай жывата шпіталізавалі.
«Яны яе вельмі любілі. Я ўспамінаю, як бабуля распавядала, як яна прачынаецца з раніцы крыху раней, каб маму не будзіць, то да бабулі падыходзіць, адкрывае ёй вочы і кажа: «Не спі». А бабуля рабіла выгляд, што спіць, каб, магчыма, і яна яшчэ паспала, але яна рана прачыналася. У іх ёсць сабака мопс, не памятаю, як завуць, то яму таксама будзе цяжка, таму што Ліза на ім і спала, і ляжала. Усім цяжка, сям'і — цяжэй за ўсё», — расказала калега бабулі Галіна Сідарэнка.
Са слоў жа бабулі дзяўчынкі Ларысы, адразу пасля ракетнага ўдару мама Лізы ў тэлефоннай размове расказала, што яе дачка загінула. Але пакуль жанчына не памятае гэтага, а лекары забаранілі распавядаць пацыентцы праўду.
«У Ірыны стан цяжкі, праўда, стабільны. Добра, што яна прыйшла ў прытомнасць. Яна не ведае вельмі многіх абставінаў, і нават пра сённяшнюю падзею мы таксама яе яшчэ не інфармавалі. І спадзяемся проста на яе выздараўленне, на тыя сілы, якія неабходныя ёй, і тым людзям, якія пацярпелі ад трагедыі. Бо, акрамя гісторыі Ірыны і Лізанькі, ёсць яшчэ гісторыі, калі бацькі і дзеці пацярпелі», — кажа віннічанка Алена.
У выніку расійскай атакі ў Вінніцы загінулі яшчэ два хлопчыкі — сямі і васьмі гадоў. Адзін з іх праходзіў абследаванне ў медцэнтры, загінуў разам з мамай. Другі чакаў дзядзьку ў прыпаркаваным аўто і трапіў у вогненную пастку.
Расея зрабіла ракетны абстрэл Вінніцы ракетамі тыпу «Калібр» з падводнай лодкі з акваторыі Чорнага мора 14 ліпеня ў 10.45. Загінулі 24 чалавекі, сярод іх трое дзяцей. Медыцынскую дапамогу аказалі 202 людзям. У бальніцах горада працягваюць лячэнне 68 пацыентаў, сярод якіх 4 дзяцей.