«І тут з выграбной ямы крычыць Тур». Дудзінскі вобразна апісаў беларускую прапаганду

Вядучы Дзяніс Дудзінскі ў выпуску «Ток» параўноўвае беларускую прапаганду з расійскай і расказвае, як цяперашнія журналісты БТ хадзілі з ім на маршы.

16.07.2022 / 12:40

— Прапаганда — гэта мастацтва. То-бок спачатку гэта адукацыя (ты вучышся прапагандысцкаму рэсурсу, прапагандысцкім хадам), пасля ў цябе павінен быць інтэлект. Ты мусіш быць меганачытаны, мегаэрудзіраваны. Разам з энцыклапедычнымі ведамі ў цябе павінен быць яшчэ вялікі літаратурны багаж.

Ты мусіш ведаць, як складаць словы ў сказы, а сказы ў абзацы так, каб у чалавека ад тваіх словаў халадок прабег па спіне, у яго сэрца павінна часцей тахкаць, ён павінен закахацца ў цябе, захацець аддацца. Ты, прапагандыст, мусіш стаць Фрэдзі Меркуры.

Цябе павінны слухаць, нават не разумеючы, — савецкі чалавек не разумеў пра што там па-англійску спявае Фрэдзі Меркуры, аднак яго любілі!

У нас прапаганда — гэта такое бяздарнае, вадкае і смярдзючае нешта. У мяне адчуванне, што прапаганда сама ўспрымае свайго гледача за быдла. Нешта з серыі «піпл зжарэ і так, таму давайце проста ліць паток бруду». А ўсё чаму? Таму што гэта ўхваляе адзін чалавек. Уся прапаганда працуе толькі на аднаго чалавека — на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Тое, што падабаецца Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, тое, значыць, будзе і добра. Усё астатняе не мае аніякага сэнсу. Ні рэйтынгі, ні прагляды, ні шэры — гэта да беларускай прапаганды ніякага дачынення цяпер не мае.

Як павінна дзейнічаць прапаганда? Яна павінна расказваць сваім прыхільнікам і, перадусім, нам, які рэжым добры. Каб усе захацелі застацца там, каб усе захацелі вярнуцца, пакаяцца. Аднак замест гэтага прапаганда нам з табой расказвае, якія мы кепскія. Навошта!? Вашы прыхільнікі і без таго ўжо зразумелі, што мы кепскія. Ім гэта ўжо не цікава. Дайце ім новы сезон вашага серыяла, прыдумайце новыя хады.

— У цябе ёсць разуменне, чаму ў Расіі ёсць, напрыклад, Салаўёў, Кісялёў? То-бок людзі, якія прынамсі таленавіта робяць гэтую прапаганду. У іх рэальна ёсць прыхільнікі, людзі фанацеюць ад таго, што яны робяць.

— І Салаўёў, і Кісялёў прайшлі велізарны шлях. Па-першае, працуючы на тэлебачанні, яны ведаюць тэлевізійную кухню, то-бок яны ведаюць тэхніку. Гэтыя людзі аб'ездзілі калі не ўвесь свет, дык паўсвету дакладна, яны выдатна ведаюць, што адбываецца ў свеце. А, па-другое, гэта высокаадукаваныя людзі. Там многія і лінгвісты, і юрысты, і палітолагі. Больш за тое, на кожнага з іх працуе велізарная каманда такіх жа мегаадукаваных салаўёвых і кісялёвых.

Не здзіўлюся, калі верхавіна расійскай улады таксама залежная ад прапаганды, то-бок гэтая прапаганда настолькі моцная, настолькі магутная, настолькі інтэлектуальная, там такія мярзотнікі адборныя сядзяць, што нават Пуцін, паглядзеўшы Кісялёва або Салаўёва, скажа: «А, дык вось яно як! Крута, давайце так і зробім».

У Беларусі як толькі ў чалавека з’яўляюцца хоць пробліскі інтэлекту, ён разумее, што ну не, ён не здолее з пункту А сваю думку на тэрыторыі Беларусі давесці да пункту Б, таму што адсутнічае логіка. Гэта як узяць марафонца, які прыгожа 42 км можа прабегчы, і прымусіць яго бегчы па бездарожжы, цягнучы на сабе бервяно, а пасля яшчэ скакаць на кані. Ён скажа: блін, хлопцы, ну я не магу. «Ты ж спартсмен, давай!» «Не, я ўсё жыццё трэніраваўся да марафону». І тут з’яўляецца Азаронак, Тур, Гладкая, Лебедзева. Два гады таму, пагадзіцеся, мы ж не ведалі вось гэтых прозвішчаў.

— А ў цябе ёсць разуменне, чаму гэтыя людзі выйшлі наверх? Чаму менавіта яны пагадзіліся стаць тварамі прапаганды?

— Яны заўсёды хацелі, я перакананы. На тэлебачанні працавала велізарная колькасць разумных і сапраўды таленавітых людзей. У 2020 годзе гэты слой сказаў: «Не, вы што!» І вось тут:

— Гэй, хочаце быць журналістамі?

І адтуль, аднекуль з выграбной ямы Тур крычыць:

— Таааак!

— Давай сюды! На табе вяроўку — залазь, будзеш журналістам.

Усё. А далей яны расправілі плечы, далей іх начальнік паляпаў па плячы і сказаў: 

— Нармальна ты гэтых бэчэбэшнікаў апускаеш!

— А што, усё? Дастаткова проста бэчэбэшнікаў апускаць і болей ніякай пісьменнасці, ніякай журналісцкай адказнасці, нічога не трэба?

— Не трэба. Апускай бэчэбэшнікаў, і табе будзе шчасце.

Я раскажу табе іншую гісторыю. Вось гэта ў мяне ў галаве не змяшчаецца, чорт дзяры. 16 жніўня 2020 года ў адзіным парыве велізарная колькасць людзей выходзіць на вуліцы, на плошчу, мы радуемся, віншуем адно аднаго, гэта калегі мае. А пасля мінае некалькі тыдняў і я бачу гэтых людзей зноўку на тэлебачанні.

Мне незразумела. А я ж прозвішчы ведаю, і вы ведаеце, што я ведаю, з кім мы там пад кустамі сядзелі каля гатэля «Планета», памятаеце? Спякотна як было! Ага. Я не разумею вось гэтага, як гэта можна так зрабіць. Ты ж вось выйшла, гэта дзяўчаты, дарэчы, аніводнага хлопца не было, а пасля праз два тыдні ты ж, тваю ж… Як жа так? То-бок настолькі не мець ніякага сораму.

І пытанне да Івана Міхайлавіча [Эйсманта], гэта вы прымалі тады ўсіх, хто «асэнсаваў сваю памылку»?

Сапраўдных вядучых практычна не засталося на тэлебачанні. Засталіся тыя, ну хто ёсць, ну хоць нехта. Не картавіш і ладна, давай, не шапялявіш — у вядучыя, прыкус кепскі — выправіш і ў вядучыя, ай, не трэба, і з кепскім прыкусам давай. І я разумею, што цяпер ніхто не хоча ісці на целік, тэлебачанне сябе дыскрэдытавала.

Раней мы цудоўна разумелі: ты працуеш на БТ, ну так, ёсць нейкая колькасць праглядаў, ну не тое каб асабліва там, але гэта была такая пляцоўка для самарэкламы перадусім. І ўсе гэта разумелі, бо 350 рублёў на месяц — гэта не тыя грошы, дзеля якіх ты будзеш уставаць а 4-й раніцы і весці праграму «Добрай раніцы, Беларусь!». Аднак мне падабалася, гэта цудоўныя людзі былі, мне цікавы быў менавіта жывы эфір. Гэта адзінае і непаўторнае, нельга адматаць назад.

Мне падабалася тым больш, што гэта рэкламная пляцоўка, дзе ты сябе прасоўваеш для іншых сваіх праектаў. То-бок калі ты вязеш людзей у нейкія гандурасы ці мадагаскары як праваднік, дык да цябе больш даверу. «Ладна, Дудзінскі, з табой паедзем, бо ты твар з тэлевізара». Калі там нейкія камунальныя плацяжы недаглядзеў, таксама дапамагала.

Інтэрв'ю цалкам:

Nashaniva.com