Даследаванне: мужчынам да 40 гадоў нельга піць больш за чарку (не келіх!) піва ў дзень
Трывожныя навіны для мужчын, якім менш за 40 гадоў: новая навуковая праца паказала, што ім можна ўжываць штодзень нашмат менш піва, чым прынята лічыць. Вядома, у тым выпадку, калі ім важнае здароўе.
15.07.2022 / 18:09
Сакрэт здаровага ладу жыцця — умеранасць, але ж тое, што мы разумеем пад умеранасцю, адрозніваецца ў розных выпадках. Прынята лічыць, што цёмны шакалад і віно дапамагаюць знізіць рызыку раку, але ж у вялікай колькасці гэтыя прадукты прыносяць шкоду, піша ladbible.com.
Што тычыцца піва, нядаўна выйшла навуковая праца, якая паказвае, колькі можна ўжываць гэтага напою, каб не рызыкаваць здароўем. Ліміты нашмат меншыя, чым здавалася раней: так, мужчыны ва ўзросце да 40 гадоў могуць спакойна выпіваць не больш за 38 мілілітраў піва штодзень, то-бок адну чарку.
Што да жанчын, то ў іх сітуацыя крыху лепшая: ім дазваляюць выпіваць штодзень не больш за 100 мілілітраў піва.
Доктарка Эмануэла Гакіду, адна з аўтарак даследавання, патлумачыла, што ўжыванне алкаголю не прынясе ніякай карысці маладым людзям. Навукоўцы разумеюць, што наўрад ці новая інфармацыя прымусіць людзей адмовіцца да алкаголю, але яны спадзяюцца хаця б на тое, што дзякуючы новым даным людзі здолеюць лепей разумець наступствы сваёй звычкі выпіваць.
Але ж калі вам ужо 40, для вас ёсць добрыя навіны. У гэтым узросце адна-дзве порцыі алкаголю (напрыклад, 1—2 келіхі віна) дапамогуць знізіць рызыку інфаркту, інсульту і дыябету, а ва ўзросце, большым за 65 гадоў, бяспечныя ліміты даходзяць ужо да чатырох порцый алкаголю. Толькі памятайце — у любым узросце важна памятаць пра ўмеранасць з алкаголем.