Еўрасаюз можа зняць санкцыі з некаторых расіян, бо сумняецца ў юрыдычных падставах

Еўрасаюз абмяркоўвае скасаванне санкцый у дачыненні да некаторых расіян, бо яны нібыта маглі быць накладзеныя на слабых юрыдычных падставах. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаных суразмоўцаў.

14.07.2022 / 21:43

Цяпер каля 30 чалавек звярнуліся ў суд ЕС з просьбай выключыць іх з санкцыйных спісаў, а яшчэ каля 10 звярнуліся з такім запытам непасрэдна да Еўрасаюза.

Юрыдычная служба ЕС паведаміла амбасадарам Еўрасаюза, што некаторыя з гэтых запытаў былі апраўданымі. На іх думку, інфармацыя, пасля пададзеная падсанкцыйнымі асобамі, паказала, што доказы, на якіх грунтуюцца санкцыі, маглі быць слабымі, састарэлымі або няправільнымі.

Суразмоўцы агенцтва не ўдакладнілі колькасць памылак, якія знайшлі юрысты ЕС, і прозвішчы людзей, якіх яны датычылі. Вядома, што сярод тых, хто аспрэчвае накладзеныя на іх санкцыі ЕС — расійскія алігархі Раман Абрамовіч, Віктар Рашнікаў, Міхаіл Фрыдман, Пётр Авен, Андрэй Мельнічэнка і Дзмітрый Мазепін.

Адным з першых, яшчэ ў канцы красавіка, пазоў у Еўрапейскі суд падаў алігарх Алішэр Усманаў, санкцыі супраць якога ўвялі амаль адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Таксама санкцыі аспрэчвае сталёвы магнат Аляксей Мардашоў.

Nashaniva.com