Навукоўцы: Калі ў юнацтве піць аднаму, гэта можа пазней прывесці да алкагалізму
Новае даследаванне паказала, што калі ў падлеткавым і юнацкім узросце піць алкаголь аднаму, гэта значна павялічвае рызыку развіцця алкагалізму ў пазнейшым узросце. Небяспека асабліва высокая ў выпадку з жанчынамі.
13.07.2022 / 16:15
Фота: pixabay.com
Каманда навукоўцаў з Універсітэта Мічыгана прааналізавала даныя анкетавання 4,5 тысячы падлеткаў. Ва ўзросце 22-23 гады і 35 гадоў тыя ж рэспандэнты зноў прадставілі інфармацыю пра свае звычкі ўжывання алкаголю, піша CNN.
25% з падлеткаў, што ўжываюць алкаголь, прызналіся, што п’юць у самоце. У выпадку з больш старэйшай катэгорыяй — 22-23 гады — адпаведная лічба склала 40%. Калі падлеткі былі схільныя да піцця алкаголю ў адзіноце, гэта павышала на 35% імавернасць іхняга алкагалізму ва ўзросце 35 гадоў.
Цікава, што вынікі вельмі адрозніваліся ў залежнасці ад пола распандэнтаў. Калі размова ішла пра жанчын, звычка піць аднаму ў юнацтве павышала імавернасць пазнейшага алкагалізму ажно на 86%, у выпадку з мужчынамі — толькі на 8%. Калі ж чалавек часта піў адзін ва ўзросце 22-23 гады, гэта павышала рызыку алкагалізму на 60%, але ў гэтым выпадку пол рэспандэнта не ўплываў на вынік.
Экспертаў таксама турбуе, што падчас пандэміі шмат хто з маладых людзей пачаў скардзіцца на адчуванне стрэсу, праблемы з псіхічным здароўем і тое, што яны не могуць даць рады негатыўным эмоцыям. Рэч у тым, што маладыя людзі часцей за ўсё п’юць у адзіноце, калі жадаюць даць рады негатыўным эмоцыям. Калі падчас стрэсавага часу, якім з’яўляецца пандэмія, у чалавека развіліся такія адносіны з алкаголем, у будучыні ён можа пачаць піць яго ўсё больш і больш, што выклікае з’яўленне новых праблем з алкаголем.