«Ежа — вось бяда, з астатнім можна змірыцца». Блогеры ў твітары хваляць Мінск і не разумеюць, што людзі забылі ў Варшаве

«Варшава і Вільня — вельмі дзіўныя месцы для рэлакацыі», «Мінск стаў таннейшы за Польшчу па ежы», — абмяркоўваюць вядомыя блогеры плюсы жыцця ў беларускай сталіцы. Людзей, якія з'язджалі за мяжу не па добрыя рэстараны, гэта зачапіла.

13.07.2022 / 10:13

Фота: твітар «Кокобай»

«Мінск у бытавым плане вельмі класны горад. Варшава і Вільня — вельмі дзіўныя месцы для рэлакацыі. Даўнгрэйд дакладна. І гарады больш панылыя і нязручныя, і надвор'е такое ж дзярмо», — напісаў у твітары заснавальнік «Анлайнера» Віталь Шураўка.

«Ежа! Вось бяда, з астатнім можна змірыцца… Хаця, можна харчавацца з крамы», — адказаў фудхантар Какабай.

«Магу сказаць, крыху паездзіўшы па свеце, што Мінск у плане ўстаноў моцна лепшы за большасць «цывілізаванага свету». А зручнасць язды на машыне наогул мала з чым параўнальная, апроч Штатаў», — дадае Шураўка.

«Ні ў адным горадзе ЗША памерам з Мінск (такіх мала) не будзе зручна ездзіць на аўто з-за трафікаў. А Варшава значна больш камфортная і для аўто, і асабліва для пешаходаў.

Мінск сапраўды вельмі камфортны для машын. А для пешаходаў і карыстальнікаў не метро, а іншага грамадскага транспарту, — задніца. Маршруты крывыя, кандыцыянеры толькі сталі з’яўляцца, і то працуюць не заўжды, трамвай бадай што пахавалі. У цэнтры заўжды пешаходаў гоняць пад зямлю», — падзяліўся іншы карыстальнік.

«Мінск стаў таннейшы за Польшчу ў гэтым годзе па ежы», — заўважыў блогер Дзяніс Блішч.

«Паўсюль добра, дзе адчуваеш сябе, як дома», — падсумаваў Какабай.

Былі і допісы іншых твітаран пра тое, чым Мінск прайграе замежным гарадам.

У адказах некаторыя здзівіліся: як можна разважаць пра добрыя рэстараны, калі не можаш быць спакойным за сваю бяспеку?

«Мінск — выдатны горад, як і людзі беларускія. Ніхто і нікуды б не з'язджаў па добрай волі», — адрэагаваў адзін з твітаран.

«Мінск можа падабацца толькі таму, хто застаўся ў 2019 годзе і не жыў у іншых гарадах. Цяпер хваліць Мінск — гэта прыкладна як хваліць шконку на другім паверсе у Акрэсціна», — абурыўся іншы.

«Што можа быць больш панылым у бытавым плане, чым пагроза арышту за каляровыя шкарпэткі і катавальня КДБ пасярод «квітнеючага мегаполіса»?» — задаюцца пытаннем людзі.

Nashaniva.com