Немаўля таксама трапіць у калонію? Што чакае чатырох непаўналетніх дзяцей Дашкевічаў, калі пару адправяць за краты?
Для Змітра і Насты Дашкевічаў пракурор запрасіў па 1,5 года калоніі кожнаму. Але ў пары чацвёра непаўналетніх дзяцей, малодшы сын Данііл увогуле нарадзіўся месяц таму. Праваабаронцы ўжо загаварылі пра магчымасць з’яўлення ў Беларусі першага палітвязня-немаўляці.
12.07.2022 / 13:01
Ці могуць Насту, якая толькі нарадзіла, адправіць за краты, і што тады будзе з дзецьмі?
Наста Дашкевіч з чацвёртым сынам Даніілам, які нарадзіўся 15 чэрвеня. Фота: старонка ў Фэйсбуку Насты Дашкевіч.
Правілы ўтрымання непаўналетніх у няволі ў Беларусі рэгулююцца 95-м артыкулам Крымінальна-выканаўчага кодэкса. Для дзяцей, бацькі якіх утрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі, арганізуюцца спецыяльныя дамы дзіцяці.
Згодна з кодэксам, у такіх дамах ствараюцца «неабходныя ўмовы для нармальнага пражывання і развіцця» (для цяжарных і кормячых маці правіламі прадугледжаныя дадатковыя перадачы і пасылкі, медыцынская дапамога ў пасляродавы перыяд).
Асуджаныя жанчыны могуць сустракацца з дзецьмі да трох год у свабодны ад працы час. Таксама маці могуць дазволіць пражываць разам з малым наўпрост у доме дзіцяці. Але варта адзначыць, што нярэдка дзеці пры калоніі з’яўляюцца дадатковым прадметам для маніпуляцый і ціску на зняволеных з боку адміністрацыі — каментуе «Нашай Ніве» абазнаны чалавек, знаёмая якога нарадзіла ў калоніі: «Спатканняў з дзіцем могуць пазбавіць за любую «правіннасць».
Яшчэ адзін дазволены са згоды маці варыянт — перадача дзяцей адразу сваякам альбо ў органы апекі.
У сітуацыі з сям’ёй Дашкевічаў сцэнарый з Даніілам, які будзе жыць у доме дзіцяці, не выключаны.
«Канечне, у Крымінальным кодэксе ёсць шэраг «іншых мер крымінальнай адказнасці»: адтэрміноўка выканання пакарання, умоўнае прызначэнне, адтэрміноўка для жанчын, якія маюць дзецей ва ўзросце да трох год. Але пры адсутнасці прававых падыходаў вынік можа быць любы, і Насту сапраўды могуць адправіць у калонію», — каментуе юрыст Павел Сапелка.
«Хаця проста само пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі па 342-м артыкуле — гэта злачынства. Па-першае, таму што парушае права на мірны сход, па-другое, таму што па менш цяжкім складзе злачынства абгрунтаваць прызначэнне такога пакарання асобе без судзімасці можна толькі нейкімі выключнымі абставінамі, якія тычацца дрэннай характарыстыкі асобы абвінавачанага/ай, абставін правапарушэння».
Старэйшай дачцэ Дашкевічаў Мары восем гадоў, сыну Давіду шэсць, дачцэ Магдалене споўнілася тры гады. Фота: старонка ў Фэйсбуку Насты Дашкевіч.
Што тычыцца яшчэ трох непаўналетніх дзяцей Дашкевічаў, то ў выпадку, калі бацькоў адправяць у калонію, іх могуць перадаць пад апеку родных ці дзяржавы (у дзіцячы дом ці ў іншыя формы ўладкавання кшталту прыёмных сямей). Пасля адбыцця тэрміну зняволення сям’я зможа ўз’яднацца зноў.
Нагадаем, Дашкевічаў судзяць па 342-м артыкуле КК за ўдзел у адным з маршаў у жніўні 2020 года. Зміцер знаходзіцца ў зняволенні з 23 сакавіка. Прысуд па іх справе павінен быць вынесены 14 ліпеня. Яго агучыць суддзя Таццяна Пірожнікава.