Невядомы Барадулін. Выйшлі запісы паэта, якія хаваліся нават ад самых блізкіх і родных
Завяршылася выданне дзённікаў і запісаў Рыгора Барадуліна. Апошні, адзінаццаты том выйшаў пару тыдняў таму, а першы пабачыў свет у лютым 2015-га і быў прымеркаваны да 80-годдзя народнага паэта, піша на Радыё Свабода Зося Сухавей.
11.07.2022 / 23:07
Запісы хаваў нават ад самых блізкіх і родных
Думаю, што ўсе ўлюбёныя ў паэзію Рыгора Барадуліна не прамінулі той самы першы том дзённікаў паэта, свежыя раны па страце якога яшчэ не паспелі адсмылець у іхніх душах. Тым больш, што выдаўцы, прадстаўляючы яго, абяцалі не толькі прыватныя запісы паэта з нататнікаў і дзённікаў перыяду 1951—1969 гадоў, але і вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых аўтара.
Расчараваных чытвом таго тома, я перакананая, не было. Малады, дзёрзкі погляд на жыццё і людзей, дасціпны гумар і бліскучы лаканічны стыль запісаў прынёс сапраўдную чытацкую асалоду і шмат цікавінак пра тагачаснае жыццё не толькі самога аўтара, але і вялікага ягонага літаратурнага атачэння.
Як, дзе, з кім і што пілі, як ездзілі па бяскрайнім эСэСэРы на ўсялякія фэсты, як сяброўства перарастала ў варагаванне, як кахалі і здраджвалі… Бачна няўзброеным вокам, што пісалася для сябе. Без аніякай думкі, што гэта некалі стане публічным здабыткам. Запісы хаваліся нават ад самых блізкіх і родных.
Літаратурная руда і залацінкі
Жыццё рассоўвала далягляды пачуццяў і думак, паскарала творчы рытм, расшырала геаграфію вандровак, множыла колькасць знаёмцаў. Усё ўбачанае і адчутае ён занатоўваў. Часта ў спешцы, на выпадковай паперы. Як дбайны гаспадар, нічога не выкідаў. Горы, тоны нарасло тых запісаў за 60 гадоў.
І так бы, відаць, усё і спарахнела, калі б аднойчы ў іх не зазірнула Наталля Давыдзенка. Даўняя сяброўка і прафесійная рэдактарка за час, як не стала паэта, выцягнула з гэтай літаратурнай руды адзінаццаць тамоў захапляльных залацінак і нечаканых адкрыццяў. Напрыклад, пра музаў паэта. Ім у кожным амаль томе прысвечаныя дзясяткі, а часам і сотні вершаў. Нідзе раней не друкаваных. Ясная справа — не для чужых вачэй пісаліся.
Выцінанкі ў квадратных дужках
Іх магло б быць у разы больш, гэтых тамоў, калі б складальніца і выдаўцы не рабілі выцінанак з Барадулінскіх тэкстаў. Квадратныя дужкі з кропкамі аж стракацяць на кожнай старонцы. Прытым, калі ў першых тамах іх яшчэ было не так і шмат, то ў апошніх ледзь не пасля кожнага сказу, а то і сам сказ абрываюць.
Што выкасоўвалася, можна толькі здагадвацца. На маё ўражанне, астракізму падпалі найперш рэзкія, часам проста знішчальныя характарыстыкі некаторых вядомых асобаў, твораў калегаў і іх учынкаў. Пра многіх з іх, дзе што і ацалела ў запісах, аўтар выказваецца толькі ў чорных танах. Эпітэты зневажальныя, лексіка расцугляная.
Мы ведаем Барадуліна як аўтара трапных эпіграмаў. Жанр, у якім ён праславіўся не адною кнігай. Пакрыўдзіліся многія ягоныя, так бы мовіць, адрасаты. Але ў запісах ён не стрымліваў сябе аглядкамі на публікацыю. Абвінавачванне ў супрацы з КГБ ледзь не пагалоўнае. Беззаганнымі былі ў ягоных тэкстах трое ці чацвёра сяброў.
Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, балгарскі пісьменнік Георгі Вылчаў і мастак Барыс Забораў
Крывіцкая сям’я і цэнзура
Спасцігла цэнзуру і ўсё тое, што датычнае родных аўтара. У многіх нататках апошніх гадоў ён наракае, што не атрымалася ў яго, як хацеў, крывіцкае сямʼі. Праўда, што гэта такое — крывіцкая сямʼя — мы так нідзе і не знаходзім тлумачэння. Магчыма, яно засталося за шматкропʼямі ў дужках, а магчыма, аўтар і сам не ведаў, чым жаданая ім крывіцкая сямʼя адрозніваецца ад, скажам, дрыгавіцкай ці радзіміцкай.
Ідэалізуе маці, якая застаўшыся ў вайну ўдавою, усю сябе ахвяравала адзінаму сыну. І той усё жыццё падсвядома параўноўваў з ёю ўсіх сваіх жанчын. Не на іхнюю карысць было тое параўнанне. І вось тут я думаю, што гэтыя запісы пра сямейныя стасункі калі ўжо і цэнзураваць, то цалкам. Прыватнае жыццё на тое і прыватнае, каб яго не выстаўляць на публіку. Нават у дазаваным выглядзе.
Боль і бядота
Чорна-белы свет апошніх тамоў Барадулінскіх дзённікаў дапоўнены несупыннымі скаргамі на хваробы і безграшоўе. У пошуках паратунку ад галаўнога болю, які пазбаўляў яго паўнавартаснага фізічнага жыцця, не кажучы ўжо пра творчае, ён звяртаўся да ўсіх магчымых сродкаў і метадаў. Найлепшыя дактары традыцыйнай медыцыны, усходнія нетрадыцыйныя лекары, зёлказнаўцы і розныя чарадзеі сумнеўных практык — з кім толькі не давялося паэту знацца, каб памерці, як ён піша, Барадуліным, а не біямасай. Боль даводзіў да шаленства і апісанне гэтага стану немагчыма чытаць без уласнага болю ад сваёй бездапаможнасці ў паэтавай бядзе.
Мізэрная пенсія, адсутнасць ганарараў, бясконцыя пошукі дзе і як зарабіць, каб выжыць, толькі множаць гэты наш чытацкі боль ад немагчымасці дапамагчы.
Рыгор Барадулін
Наклады і чытачы
Што праўда, чытачоў на апошні том засталося толькі пяцьдзясят. Прынамсі, такі наклад. Першы том выйшаў накладам у трыста асобнікаў. Не, гэтыя згубленыя дзвесце пяцьдзясят чытачоў не здрадзілі ўлюбёнаму паэту. За сем гадоў выдання дзённікаў яны проста сышлі ў іншы свет. Услед за сваім кумірам. Засталася купка маладзейшых шанавальнікаў таго, хто пісаў, як птушка пяе. Яна ж не думае, пра што і як ляціць яе песня ў сусвеце. Цяпер улюбёнцаў чыстае паэтычнае красы можна злічыць на пальцах дзвюх рук. А хутка і адной хопіць. Дадайце парачку прафесійных літаратуразнаўцаў.
Кожнае пакаленне паэтаў нараджае сваё пакаленне чытачоў. Не горшых і не лепшых.
Іншых.