Геапалітычны геній Пуціна дасягнуў немагчымага. Чаму Расія не рэагуе на ўступленне ў НАТА Фінляндыі і Швецыі?

Яшчэ нядаўна Швецыя і Фінляндыя былі прынцыпова нейтральнымі краінамі. Спроба Расіі захапіць Украіну пад маркай недапушчэння пашырэння НАТА прывяла да таго, што блок усё ж пашыраецца. Але пры гэтым на ўступ у арганізацыю Фінляндыі і Швецыі расійская прапаганда рэагуе не так балюча, як на вельмі гіпатэтычную магчымасць уступлення Украіны. У чым жа прычына? 

09.07.2022 / 20:39

Генеральны сакратар НАТА з міністрамі абароны Швецыі і Фінляндыі. Фота: Flickr.

Усе апошнія гады прэзідэнт Расіі Пуцін абураўся пашырэннем НАТА. Маўляў, гэта пагражае Расіі, бо ваенная інфраструктура блока, нібыта, набліжаецца да расійскіх межаў. 

«Нас раз за разам падманвалі, прымалі рашэнні па-за нашай спінай, ставілі перад фактам. Так было і з пашырэннем НАТА на ўсход, з размяшчэннем вайсковай інфраструктуры каля нашых межаў», — казаў падчас Крымскай прамовы ў 2014 годзе. 

«Нагадаю таксама, што ў Кіеве ўжо прагучалі заявы аб больш хуткім уступленні Украіны ў НАТА. Што азначала б гэтая перспектыва для Крыма і Севастопаля? Тое, што ў горадзе рускай вайсковай славы з'явіўся б натаўскі флот, што ўзнікла б пагроза для ўсяго поўдня Расіі — не нейкая эфемерная, зусім канкрэтная», — сцвярджаў расійскі прэзідэнт тады ж. 

У сваёй прамове за 24 лютага, падчас якой Пуцін абвясціў вайну супраць Украіны, гучалі падобныя заявы:

«Добра вядома, што на працягу 30 гадоў мы настойліва і цярпліва спрабавалі дамовіцца з вядучымі краінамі НАТА аб прынцыпах роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўропе. У адказ на нашы прапановы мы ўвесь час сутыкаліся альбо з цынічным падманам і хлуснёй, альбо са спробамі ціску і шантажу, а Паўночнаатлантычны альянс тым часам, нягледзячы на ўсе нашы пратэсты і заклапочанасці, няўхільна пашыраецца. Ваенная машына рухаецца і, паўтару, набліжаецца да нашых межаў ушчыльную», — гаварыў Пуцін. 

«У гэтым шэрагу і абяцанні нашай краіне не пашыраць ні на адну цалю НАТА на ўсход. Паўтару — падманулі, а кажучы народнай мовай, проста кінулі», — сцвярджаў Пуцін 24 лютага. 

Але ўсё гэта — хлусня. Па-першае, ніякіх фармальных ці нефармальных абяцанак не пашыраць НАТА Захад не рабіў. Пуцін маніпулюе, апелюючы да нібыта абяцання «ні адной цалі на усход». Вырваная з кантэксту фраза не мае нічога супольнага з фактычнымі ці юрыдычнымі абяцаннямі. Пытанне пашырэння НАТА, уключаючы Украіну, актыўна абмяркоўвалася ў 90-я без асаблівага супраціву Расіі — ці нават з прыцэлам уступлення самой Расіі ў альянс, за што ў свой час актыўна выступаў Барыс Ельцын і ягоны міністр замежных спраў Андрэй Козыраў, а таксама некаторыя палітыкі ў Вашынгтоне і на еўрапейскім кантыненце. Галоўнае пытанне, якое хвалявала Маскву ў 90-я гады — гэта атрымаць больш эканамічнай дапамогі з ЗША і Германіі, а не ўступленне іншых краін у НАТА. 

Па-другое, ні пра якое ўступленне Украіны ў НАТА ў 2014 годзе і гаворкі не было. Украіна была вельмі далёкай ад гэтага і арганізацыйна, і тэхнічна, і палітычна, ды і ў галоўных членаў арганізацыі не было ніякай палітычнай волі, каб прыняць Украіну. Тым больш не было ніякіх размоў ні пра якія «натаўскія базы ў Севастопалі».

Рэч у тым, што адносіны Расіі і НАТА рэгуляваліся спецыяльным актам 1997 года, паводле якога альянс абавязаўся не размяшчаць баявых сіл на пастаяннай аснове на тэрыторыі сваіх краін-навабранцаў. І НАТА няўхільна выконвала гэты акт. Нават пасля 2014 года блок не размяшчаў пастаянных кантынгентаў на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы (былі толькі сімвалічныя войскі на ратацыйнай аснове, не забароненыя актам). І тым больш не магло і быць гаворкі ні пра якія міфічныя «базы НАТА» ў Севастопалі (калі такіх баз не было нават у Польшчы ці Літве).

Гэтым самым актам абвяшчалася, што Расія і НАТА не з’яўляюцца ворагамі. Ды і ніякай асаблівай рэальнай варожасці паміж Расіяй і НАТА не было. Ступені кааперацыі і супрацоўніцтва Расіі і НАТА Украіна магла толькі пазайздросціць. 

І ніякай рэальнай пагрозы ад НАТА для Расіі не было. Расія — ядзерная дзяржава, яе бяспецы нічога не пагражала і не пагражае. Тым больш Украіна. 

І сама Расія гэта цудоўна разумее. Пра гэта сведчыць памяркоўная рэакцыя, якую ў Расіі выклікаў фактычны ўступ у НАТА Фінляндыі і Швецыі ў паскораным рэжыме. 

Каментуючы ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТА, Пуцін адзначыў: «У Расіі няма праблем са Швецыяй і Фінляндыяй, і таму ў гэтым сэнсе непасрэднай пагрозы пашырэнне НАТА за кошт гэтых краін не стварае».

«Сітуацыя з Украінай зусім іншая. Нічога падобнага няма ў Фінляндыі і Швецыі. Гэта зусім іншая сітуацыя. Калі Швецыя і Фінляндыя хочуць, яны могуць уступіць у НАТА», — кажа Пуцін. 

«У нас няма нічога, што нас магло б турбаваць з пункту гледжання членства Фінляндыі ці Швецыі ў НАТА. Ну хочуць яны — на здароўе», — дадаў ён.

МЗС Расіі крытыкуе Фінляндыю і Швецыю за ўступленне ў НАТА, але абмяжоўваецца хутчэй стандартнымі фразамі, чым рэальнымі сур’ёзнымі пагрозамі. 

«Але што рабіць, такі ўзровень тых, хто прымае адпаведныя рашэнні ў адпаведных краінах», — адзначаюць ў МЗС Расіі. 

Уступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТА нічога не зменіць для Расіі. На думку Крамля, «гэтыя дзяржавы Паўночнаатлантычны саюз ужо і так выкарыстаў яшчэ да ўступлення». Пра гэта заяўляў кіраўнік МЗС Расіі Лаўроў.

Дзе агрэсіўная рэакцыя расійскага МЗС, які ўжо даўно не падбірае словаў, ігнаруе факты і логіку? Дзе «актыўныя захады» інструментаў расійскай прапаганды? Дзе чарговыя ваяўнічыя заклікі і пагрозы чыноўнікаў і дэпутатаў?

Максімум, што робіць расійская прапаганда, дык гэта апісвае Швецыю і Фінляндыю як нейкіх «ахвяр ціску», якія нібыта «саступілі і далучыліся да НАТА», хаця гэтага і не хацелі. (Насамрэч, гэта была іх уласная воля.)

Агульная мяжа Расіі з НАТА павялічыцца на 1300 кіламетраў, другі горад краіны Пецярбург будзе суседнічаць не толькі на паўднёвым захадзе з натаўскай Эстоніяй, але і на паўночным захадзе з ужо натаўскай Фінляндыяй. НАТА ўзмацняе свае пазіцыі на Балтыцы і ў Арктыцы, еўрапейская тэрыторыя Расіі акажацца напалову акружанай краінамі Паўночнаатлантычнага блока. Але ўсяго гэтага Расія баіцца нашмат менш, чым гіпатэтычнага ўступлення Украіны ў НАТА з міфічнымі «натаўскімі базамі» пад Харкавам. Пра што гэта сведчыць?

У першую чаргу, пра тое, што Расія сама ўсведамляе, што НАТА ёй не пагражае і ніяк не можа пагражаць. Уступ Фінляндыі і Швецыі мала што зменіць для Расіі. Як мала што змяніў у свой час уступ Эстоніі, якая знаходзіцца недалёка ад Пецярбурга. Не быў бы пагрозай для Расіі і ўступ Украіны ў НАТА. Расія крычыць пра пагрозу ад пашырэння НАТА толькі ў кантэксце Украіны па дзвюх прычынах. 

Па-першае, Расія выкарыстоўвае аргумент пра «агрэсіўнае НАТА, што ўвесь час пашыраецца» проста для апраўдання сваёй агрэсіўнай знешняй палітыкі і спробы Украіну захапіць. 

Па-другое, магчымы ўступ Украіны ў НАТА пахаваў бы мроі расійскага кіраўніцтва ўзяць пад кантроль ці акупаваць гэтую краіну.

На Швецыю ці Фінляндыю Расія і так не збіралася нападаць (будуць яны ў НАТА, ці не будуць, гэта і праўда не мае ніякага значэння), бо гэта моцныя развітыя краіны з каласальным ваенным патэнцыялам, чыя абарона ўжо даўно працуе па стандартах, не горшых (а можа нават і лепшых) за натаўскія. А вось нападаць на Украіну расіяне могуць толькі пакуль яна не стала членам блока. Калі гэта ўсё ж калісьці здарыцца — расійскаму кіраўніцтву можна будзе забыць пра Украіну. 

Расія не баіцца за сваю бяспеку. Яна баіцца, што ў яе забяруць магчымасць захапіць суседнія краіны, на якія, як лічаць у Маскве, у Расіі ёсць гістарычныя правы. 

Nashaniva.com