«Днямі выходзіў на прагулку, і нада мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка» — журналіст Андрэй Кузнечык у лісце з-за кратаў

Журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык, які літаральна за 3 гадзіны суда атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фармаванні, чакае разгляду апеляцыі. Адбываць пакаранне Андрэй будзе ў наваполацкай калоніі №1 узмоцненага рэжыму.

06.07.2022 / 10:18

Разгляд апеляцыі прызначаны на 12 жніўня

Андрэй Кузнечык падаў апеляцыйную скаргу на прысуд, разгляд яе прызначаны на 12 жніўня. У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Кузьнечык будзе ў наваполацкай калоніі ўзмоцненага рэжыму, распавяла жонка палітвязня Алеся Рак. Цяпер Андрэй знаходзіцца ў магілёўскай калоніі (перад гэтым быў ЦІП на Акрэсціна, СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, магілёўскі СІЗА).

Маці Андрэя спадарыня Аляксандра пацікавілася ў былых сядзельцаў наваполацкай калоніі, якія там умовы. Ёй распавялі, што нібыта там ёсць магчымасць працаваць — ёсць шмат розных вытворчасцяў, і можна будзе выбраць месца працы.

У камеры магілёўскай калоніі, дзе цяпер знаходзіцца Андрэй, 12 чалавек: палова — моладзь, якая сядзіць па «наркатычных» артыкулах, і палова — палітычныя, так званыя «бэчэбэшнікі».

Мяркуючы па лістах, Андрэй трымаецца бадзёра, ва ўсім шукае пазітыў. Шмат чытае: паскардзіўся, што бібліятэка ў магілёўскім СІЗА горшая, чым на Валадарцы.

«Чытаю выпадковыя кніжкі, але часам трапляюцца і займальныя: смелы для нашага часу Быкаў 1960-70-х, прэсны газетны Шамякін пра тое, як калгас наважваўся купляць камп'ютары, ад якіх не апускаецца брыво…

А на досвітку слухаю птушак і ўжо ведаю, якія з іх самыя звонкія: грак, свіргун, стрыж…»

«Не збіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі…»

Пасля закрытага судовага працэсу, які доўжыўся рэкордна кароткі час — каля трох гадзін, Андрэй у лістах падвёў некаторыя вынікі сваёй працы.

Ён — заўзяты раварыст, аматар-валанцёр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазітыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары, публікаваў серыю допісаў «Кароткі праваднік па мінскіх роварных стаянках» і «Кароткі праваднік па мінскіх веладарожках», даваў парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам наконт уладкавання роварнага руху. Андрэй стварыў падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.

«Не збіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі… Папулярызатарства маё было хуткаплынным і мімалётным — і шмат у чым у пашырэнні «зоны камфорту» і сабе, і людзям…

Апошнім часам я пачуваўся шчаслівым, «адбытым» і ў нашай сям’і, і амаль усё працоўнае жыццё — у працы», — піша Кузнечык жонцы Алесі.

Андрэй згадвае пра сайт «Panoramio», які ён пераклаў на беларускую мову і куды «заліў» процьму фота славутасцяў Беларусі. Калі захапіўся мапамі — дадаў шмат беларускіх назваў у «гуглмэпс».

Андрэй таксама згадвае і свае агляды мінскіх роварных дарожак, велакрамаў, пераклад «Правілаў дарожнага руху для раварыстаў», «Дапаможнік па выхаванні для беларускіх першаходаў», напісаны ім раздзел у беларускамоўны падручнік славенскай мовы, выданні і кнігі, дзе публікаваў свае вершы.

«Мне ж забаваю застаюцца сны»

Распавядае жонцы Алесі Андрэй і пра свае сны. Родам ён з Віцебска, 15-гадовым падлеткам паступіў у прэстыжны Ліцэй БДУ, вельмі гэтым ганарыўся, бо конкурс «зашкальваў».

«Мне ж забаваю застаюцца сны. Праз пару дзён пасля суда сніўся цікавы. Нібыта мяне перавялі ў іншую турму, гляджу на бакі: а камера — гэта клас старога зялёнага ліцэя. Але сядзяць там не ліцэісты, а школьныя аднакласнікі, прычым, у тым веку, у якім я іх запомніў… Дарэчы, на судзе я быў у ліцэйскай майцы выпускнікоў — самая зручная для спёкі. Во, відаць, мозг пераасэнсоўваў сюжэт», — піша Андрэй сваёй жонцы Алесі, з якой сустрэўся крыху пазней, ужо на філфаку БДУ. Яны разам ужо каля 20 гадоў, выхоўваюць двух дзетак — васьмігадовую дачку Яніну і двухгадовага сына Мацвея.

«Днямі выходзіў на прагулку і прама нада мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка. І прысніліся два сны — простыя і неэмацыйныя, быццам бы жыццё … Нібыта прыехаў я дахаты, а Янька давай паказваць, што ў яе ў планшэце новага і цікавага. Залез у камп'ютар — колькі ўсяго яшчэ глядзець — не пераглядзець. Гляджу — яшчэ і тэлевізар не наладжаны. Улез у яго меню і ўспомніў, што паабяцаў сабе ж болей быць з сям’ёй», — піша Андрэй Кузнечык у лісце родным.

Nashaniva.com