«Я паставіў на кон усё». Апошняе інтэрв'ю з Іванам «Брэстам», які загінуў каля Лісічанска

Полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што 26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст». За дзень да смерці Радыё Свабода гутарыла з беларускім добраахвотнікам.

06.07.2022 / 00:53


Вылавіць Івана «Брэста» Марчука на інтэрв'ю было вельмі складанай задачай. Ён увесь час быў у зоне баявых дзеянняў. Хлопцы з палка Каліноўскага казалі, што «Брэст» жыве вайной, што гэта ягоная стыхія. Ягоная густая барада стала адным з сімвалаў палка.

Як камандзір батальёна «Волат», «Брэст» ішоў у бой заўжды першым, хоць пабрацімы ўгаворвалі так не рабіць. Нават на апошняе заданне быў варыянт не ехаць, бо трэба было вырашыць унутраныя пытанні палка. Але «Брэст» выбраў ехаць. Івану было 28 гадоў.

Гэтае інтэрв'ю ўрыўкамі запісвалася за дзень да смерці Івана. Знайсці сорак хвілін для паўнавартаснай размовы ніяк не выходзіла. «Брэст» паспеў адказаць толькі на частку пытанняў, на астатнія абяцаў даць адказ, калі вернецца з баявога задання.

— Іван, раскажыце крыху пра сябе. Дзе вы нарадзіліся, дзе вучыліся, чым займаліся ў Беларусі?

— Я родам з Берасця. Спачатку вучыўся ў школе з ухілам у мовы, але потым бацькі зразумелі, што ў мяне больш фізіка-матэматычны ўхіл, таму перавялі мяне ў адпаведную школу. Далей для развіцця сваіх ведаў я паступіў у клас агульнаадукацыйнага ліцэя таксама з фізіка-матэматычным ухілам. Па сканчэнні школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць «Інжынер па тэлекамунікацыях». Там я правучыўся два гады. Чаму два? Бо ясна зразумеў для сябе яшчэ на першым курсе, што гэта не маё. Мной заўжды кіраваў дух прыгодаў, а таксама ў мяне было абвостранае пачуццё справядлівасці. На гэта бацькі казалі, што да дабра такое пачуццё не давядзе і лепш памаўчаць. Не атрымліваецца маўчаць (смяецца). Цяпер усё прыходзіць да нейкай лагічнай развязкі, таму я ва Украіне, дзе паставіў усё на кон, знаходзячыся ў небяспецы як з боку КДБ, гэтак і з боку ворагаў-расейцаў.

— Ці былі вы ў фанацкіх ці апазіцыйных структурах у Беларусі?

— Не, ніколі не быў. На той момант да фанацкіх арганізацый, якія былі прадстаўленыя ў Берасці, я ставіўся не вельмі сур’ёзна. Я бачыў хлопцаў з гэтага асяроддзя, разам стасаваліся, вучыліся. Мне не падабалася, што яны шмат п’юць, а таксама не падтрымліваюць нейкай добрай ідэі, а проста вядуць хуліганскі лад жыцця. Што тычыцца апазіцыі, то, шчыра кажучы, я не бачыў нейкіх структур, якія б мелі сілу і займаліся рэальнымі справамі. Кажу гэта не ў крыўду камусьці, магчыма, я тады проста гэтага не заўважаў.

— Як фармавалася ваша стаўленне да Лукашэнкі? Яно заўжды было аднолькавае ці перажывала розныя перыяды?

— Натуральна, што рознае. Мабыць, як і ва ўсіх. Гэта нармальна абсалютна. Немагчыма пра чалавека адразу сказаць, што ён кепскі. У залежнасці ад яго палітыкі можна было сказаць нешта добрае, нешта кепскае. Гэта вельмі дэталёвае пытанне, яго трэба разбіраць асобна і шмат дыскутаваць.

— Раней у інтэрв'ю вы расказвалі, што з 2015 года былі ў зоне АТА. Чаму туды паехалі?

— А як было не паехаць? Ужо тады было зразумела, у якое рэчышча гэта пойдзе. Былі спадзяванні, што гэта ўсё не перарасце ў нешта поўнамаштабнае. Але ўжо тады АТА было высакароднай справай у абароне братоў ад неправамернай агрэсіі. І ўжо тады было зразумела, што Расія спрабуе ўсталёўваць на тых тэрыторыях незразумелы рэжым, дзе творыцца беззаконне.

— Аляксей «Псіхолаг» і Юры «Хмель» казалі, што ў памяці застаюцца абсалютна ўсе аперацыі, дзе ўдзельнічалі. Але хачу запытацца, што найбольш запомнілася з часоў АТА?

— Магчыма, я больш сентыментальны чалавек, таму і ў памяць найлепш уразаюцца нейкія кранальныя моманты, якія прымушаюць проста ўсё разрывацца ўнутры, выклікаюць неверагодны прыліў эмоцый. Ведаеце, гэты момант душэўнасці, стасаванне між людзьмі, калі ты проста перанасычаны эмоцыямі. Такіх момантаў у звычайным жыцці не сустрэнеш. Гэта моманты духоўнай блізкасці між людзьмі. Гэтыя моманты… Блін, гэта вельмі складана… Больш за ўсё, калі я прыехаў у зону АТА, мяне захапіла і здзівіла тое, як людзі гатовыя ахвяраваць сабой, але нічога не патрабуюць узамен, дзеля ўласнай краіны. Як людзі дапамагаюць адзін аднаму. Чужы чалавек заўжды гатовы табе дапамагчы, ведаючы, што ты адпраўляешся на перадавую. Ці на перадавой ніхто табе нічога не шкадуе, дзеляцца чым заўгодна.

— Чым сённяшняя вайна адрозніваецца ад АТА?

— Маштаб зусім іншы. Тады не было такога, каб усё вакол выбухала, каб працавалі адначасова і артылерыя, і авіяцыя, і танкі, і пяхота. Узровень ворага цяпер зусім ужо іншы.

— Іван, вы сапраўды былі ў французскім Замежным легіёне? Якую падрыхтоўку ён вам даў?

— Я там апынуўся ў 19 гадоў. У момант, калі вырашыў рызыкнуць. Падчас летніх канікул ва ўніверсітэце я паехаў у Францыю, купіўшы звычайную турыстычную пуцёўку. Я шмат пра гэта думаў — гэта было ўзважанае рашэнне. Я два гады гарэў гэтай марай. Я зразумеў, што праца інжынерам — гэта не маё, я хачу быць вайскоўцам. У Парыжы я пайшоў проста на вярбовачны пункт, дзе мяне чакала мноства тэстаў, адбораў. Праз два тыдні мяне ўзялі. Чатыры месяцы было «вучэбкі», а потым баявы полк. Была выдатная падрыхтоўка, цяпер гэта вельмі заўважна. Гэта дапамагае мне захоўваць жыцці хлопцаў і дзейнічаць максімальна пісьменна…

Чытайце таксама:

З-пад Лісічанска не вярнуліся шэсць беларусаў-каліноўцаў. Апошнім паведамленнем было: «На нас едзе танк. Адпрацаваў па ім»

Nashaniva.com