Былая кіраўніца МЗС Аўстрыі, на вяселлі якой гуляў Пуцін, пакінула краіну

Былая міністарка замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль, вядомая сваёй прарасійскай пазіцыяй і танцам з Пуціным на сваім вяселлі, з'ехала з краіны праз «пагрозу забойствам», піша The Washington Post.

05.07.2022 / 18:58

Кнайсль сказала журналісту выдання, што эмігравала з Аўстрыі, таму што атрымлівала «пагрозы забойствам» але адмовілася даваць інтэрв'ю.

У матэрыяле WP не ўдакладняецца, хто менавіта пагражаў Кнайсль і ці вядзецца расследаванне па гэтай справе.

Карын Кнайсль узначальвала аўстрыйскі МЗС з 2017 па 2019 год. Яна — сяброўка крайне правай Партыі свабоды, якая выступае за добрыя адносіны з Расіяй і Пуціным. У 2017 годзе члены гэтай партыі наведвалі акупаваны Расіяй украінскі Крым.

Пасля адстаўкі Кнайсль, як і некаторыя іншыя прарасійскія палітыкі з заходніх краін, атрымала хлебную пасаду пры расійскай карпарацыі. У 2021 годзе яна ўвайшла ў раду дырэктараў «Раснафты». Праўда, пратрымалася на ёй нядоўга, бо ў маі гэтага года мусіла пайсці ў адстаўку пасля таго, як Еўрапарламент стаў пагражаць ёй санкцыямі.

Nashaniva.com