«Спатрэбілася тры гады, каб назбіраць неабходную суму». Беларусы, якія купілі жытло ў Грузіі і Польшчы, расказалі, колькі грошай за яго выклалі

Купіць кватэру ў Беларусі — той яшчэ выклік. А як за мяжой? «Наша Ніва» паразмаўляла з беларусамі, якія набылі нерухомасць у іншых краінах і даведалася, як яны назбіралі неабходную суму. 

05.07.2022 / 12:49

Новабуд у Батумі. Фота: batumicenter.com

Грузія, Батумі. «Цана за квадрат — 870 даляраў»

Алене (імя зменена) 31 год. Нерухомасць жанчына з мужам купіла ў Батумі. Першую квартэру ў 2015-м, другую — у гэтым годзе.

«Спачатку набылі аднапакаёвую. Каштавала яна 450 даляраў за квадратны метр, аддалі менш за 16 тысяч за яе. Было жаданне набыць кватэру за мяжой, каб прыязджаць адпачываць, паспрабаваць потым здаваць. 

У Беларусі на момант пакупкі першай кватэры ў нас быў маленькі бізнэс, займаліся кававымі аўтаматамі. Мы яго тады прадалі і вырашылі гэтыя грошы ўкладаць не ў Беларусі, а купіць недзе нерухомасць. Грошай ад продажу хапіла якраз на кватэру.

Адна з кватэр, якая прадаецца ў Батумі. Ілюстрацыйнае фота: geo-home.com

Забудоўшчыка мне параілі знаёмыя. А так мы самастойна паглядзелі горад, раёны. Вывучылі інфармацыю па эканоміцы і клімаце. Узважылі ўсе за і супраць. Прынамсі, за такі кошт мы яе не страцім, гэтыя грошы я заўсёды змагу вярнуць пры неабходнасці. А зараз мая першая кватэра каштуе даражэй у два разы.

У гэтым годзе ўзялі еўрадвушку, але яна яшчэ на этапе будаўніцтва. Кошт за квадрат — 870 даляраў, за яе ўжо аддалі больш за 43 тысячы.

У першай кватэры робім рамонт, яна проста стаяла ўвесь гэты час. Можна сказаць, што даўгабуд, куплялі на стадыі катлавана. У сілу свайго досведу мы разумелі, як будзе выглядаць дом, таму ў выніку ні ў чым не расчараваліся», — расказвае яна.

Батумі. Фота: wikipedia.org / Dmitry A. Mottl

Дыстанцыйна рабіць рамонт Алена не хацела. А магчымасці прыехаць у Грузію на доўгі час раней не было. Таму сям’я вырашыла пачакаць, калі яны змогуць заняцца ўладкаваннем кватэры самастойна.

«Мясцовыя паслугі па рамонце вельмі нізкай якасці, — тлумачыць Алена. — Таму мы так хацелі зрабіць, а потым здарылася пандэмія, і рамонт адклаўся на нявызначаны тэрмін.

Каб вы разумелі, тут за 400 даляраў абяцаюць зрабіць аздабленне, паставіць мэблю. Уявіце, якая там якасць за такія грошы. Праз год такі рамонт прыдзе ў непрыдатнасць, давядзецца ўсё рабіць нанова. Тут для мясцовых рамонт па мінскіх цэнах — гэта вельмі дорага. Атрымліваецца, што ён у нас будзе шыкоўным па гэтых мерках».

Алена дзеліцца, што адкласці грошы на другую кватэру ў Беларусі было няпроста. Яна працуе дызайнерам інтэр’еру, муж — будаўнік. 

«Першапачаткова вырашылі купляць ў Батумі, бо гэта курортны горад, мора, горы, камфортнае жыццё. Для нашай дзейнасці тут вялікія перспектывы, будуецца мноства аб'ектаў, мы запатрабаваныя. 

Працавалі ў Беларусі мы не па найме, прыватнікі. Даход быў розны. Магло некалькі месяцаў яго ўвогуле не быць.

У Беларусі праз санкцыі сталі з'яўляцца праблемы з працай. Пытанні былі з пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў. Яны альбо недзе знікаюць, альбо вялікія затрымкі з паступленнем тавараў. І яшчэ заказчыкі банальна з'яжджаюць з Беларусі.

У нас засталося некалькі недаробленых аб'ектаў, бо гаспадары проста з'ехалі з краіны. Таму ў пачатку гэтага года мы вырашылі пераехаць канчаткова. Але магу сказаць, што калі б у нас не было за мяжой нерухомасці, то я не ўпэўнена, што мы б з'ехалі. Выбар быў просты: ёсць кватэра там — значыць едзем туды», — расказвае жанчына. 

Каб сабраць грошы на другую кватэру, Алене з мужам спатрэбілася тры гады. Яна кажа, што тут важна разумець, што вам больш неабходна, тады атрымаецца адкласці патрэбную суму. 

«Нехта на ежу шмат траціць, на вопратку. Мы не з тых, хто так робіць. На жаль, на адпачынак мы не ездзілі. Мала выбіраліся некуды. І самога адпачынку было мала, бо самазанятыя, працавалі і на выходныя. На некалькі гадоў гэта стала ладам жыцця. 

Я не скажу, што сябе ў нечым абмяжоўвала моцна. Проста расстаноўка прыярытэтаў. Я магу купіць дзве рэчы, але яны будуць якасныя і дарагія.

Пры кожным паходзе ў краму я дакладна ведаю, што мне трэба купіць, не адцягваюся на нешта іншае. Не марную грошы на манікюр і педыкюр, значна камфортней рабіць гэта самой. Здаровая кухня можа быць толькі хатняя, ведаеш, якія прадукты ты кладзеш у стравы.

У нашай сям'і ў сярэднім штомесячны даход 1500—2000 даляраў», — кажа яна. 

Ілюстрацыйнае фота: geo-home.com

Пра крэдыт і іпатэку Алена не задумвалася. Жанчына кажа, што яны не айцішнікі, становішча не такое стабільнае. 

«Яшчэ мы прыватнікі, будуць цяжкасці з выдачай. Прывыклі разлічваць на сябе. Чым больш мы незалежныя ад нейкіх вонкавых фактараў, тым лепш», — тлумачыць яна. 

Абедзве кватэры ў Алены знаходзяцца ў двухсот метрах ад мора. Па словах жанчыны, у Батумі вельмі вялікі выбар нерухомасці. 

«Я была не супраць звярнуцца па паслугі рыэлтара. Але так атрымалася, што я за кампанію са сваімі сябрамі з'ездзіла паглядзець нерухомасць, мне спадабалася адна з кватэр і прыняла рашэнне купляць.

Па камунальных тут спецыфічна ўсё. Пакуль не жывеш у кватэры, нічога не плаціш. Адзінае — за абслугоўванне дома, ліфтаў. Гэта ўсё каштуе ў кожным доме па-рознаму. У першай кватэры ў нас — 10 даляраў, у другой — 30. У арэнднай кватэры мы плацім ад 80 да 100 даляраў, але тут жа мы карыстаемся святлом, вадой і іншым», — расказвае яна. 

Пераязджаць у свае жытло сям’я плануе ў ліпені. Але скончыць да гэтага часу рамонт усё роўна не паспеюць. 

«Будуць сцены і падлога зроблены, — кажа Алена. — Вельмі не хочацца плаціць грошы за арэнду яшчэ за месяц, я на іх змагу, напрыклад, купіць сабе халадзільнік. А другую кватэру, калі дабудуем, магчыма, будзем здаваць». 

Па даных Нацыянальнага бюро статыстыкі Грузіі, у студзені-сакавіку 2022 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года цэны на кватэры выраслі на 4,5%, а на прыватныя дамы — на 1%.

Сярэдні кошт жытла ў Тбілісі на першасным рынку — 851 даляр за квадратны метр, на другасным рынку квадратны метр у сярэднім абыходзіцца ў 811 даляраў.

Квадратны метр у Батумі каштуе ў сярэднім каля 750 даляраў. Але трэба адзначыць, што ў новабудоўлях на першай лініі такіх цэн няма. Там цэны на кватэры, якія здадзены або амаль пабудаваныя, стартуюць ад 1000 даляраў за кадратны метр.

Часта інвестары набываюць кватэры ў Батумі, калі дом знаходзіцца на стадыі катлавана, тады кошт істотна ніжэй — ад 500-600 даляраў за «квадрат». Але ўсё залежыць ад забудоўшчыка і праекта.

Польшча, Гдыня. «Узяў іпатэку на 30 год»

Юрыю 35 гадоў. У Польшчу мужчына пераехаў у 2017-м. Туды яго запрасілі на працу зваршчыкам. 

Фота: gdynia.pl

У 2020-м Юрый узяў для сям'і (у яго ёсць жонка і малое дзіця) трохпакаёвую кватэру ў іпатэку на 30 год. 

«Першы год у Польшчы ў плане фінансаў было цяжка. Некалькі разоў падманвалі, напрыклад, заробак не аддавалі цалкам. Гэта пасярэднікі так рабілі. Калі ўладкавацца адразу наўпрост у фірму, верагоднасць, што такая сітуацыя можа скласціся, вельмі маленькая».

Ён апісвае ўмовы іпатэкі:

«Плаціць спачатку трэба было тысячу злотых (582 рублі), 2,5 працэнта гадавых. Цяпер ён вырас у сувязі з вайной, інфляцыяй у два разы. Складае 2000 злотых (1165 рублёў).

За арэнду я плаціў таксама дзве тысячы, плюс за камунальныя 500 (291 рубель). Лічу, што арэнда — гэта грошы ў нікуды. А я, атрымліваецца, выкупляю жытло, жыву спакойна, мяне ніхто не выганіць».

Адна з кватэр, якая прадаецца ў Гдыні. Ілюстрацыйнае фота: tatianaestate.com

Сама кватэра каштавала 300 тысяч злотых (174,7 тысячы рублёў), плошча — 50 квадратных метраў. 

Першы ўзнос — дзесяць працэнтаў — каля 30 тысяч злотых (17,5 тысячы рублёў). На яго збор мужчыне спатрэбілася паўгода.

Жытло Юрый з жонкай бралі ў спальным раёне, у доме 1985 года пабудовы. Да цэнтра на машыне — 10 хвілін. 

«Звычайна кватэру ў новым доме тут купляюць, калі ён яшчэ будуецца. Там будуць голыя сцены. Атрымліваецца, што і іпатэка, і арэнда, і рамонт. Я тады палічыў, што адзін не выцягну. Жонка раней працавала прыбіральшчыцай у гатэлі, а потым зацяжарыла і сышла ў дэкрэт», — тлумачыць ён, чаму не браў новабуд. 

Па словах Юрыя, у Польшчы даюць іпатэку на ўмовах наяўнасці працоўнага кантракта ці дамовы. 

«Дакументы, якія трэба было сабраць: даведка з працы за апошнія тры месяцы, картка часовага знаходжання ў Польшчы.

Магу сказаць, што пасля пачатку вайны мне б, як беларусу, іпатэку, магчыма, ужо і не далі б. У многіх банках правілы ў адносінах да беларусаў памяняліся. Нават цяжка рахунак адкрыць», — расказвае ён. 

Самастойны назбіраць патрэбную суму цалкам на жытло мужчыну было б цяжка. 

«Цяпер сярэдняе жытло ў Польшчы каштуе сто тысяч даляраў. Па маіх падліках, сям'і спатрэбіцца каля дзесяці год, каб сабраць патрэбную суму. Я сваю кватэру выкуплю за пяць. Думаю, што нават раней», — упэўнены Юрый.

На аплату іпатэкі мужчына аддае чацвёртую частку свайго заробку. Атрымлівае ён у месяц ад 5 да 13 тысяч злотых (прыкладна ад 2,9 да 7,5 тысячы беларускіх рублёў) у залежнасці ад аб’ёмаў і складанасці выкананай працы. 

Ілюстрацыйнае фота: tatianaestate.com

«Тут мы можам сабе дазволіць купіць з аднаго заробку тэлевізар, — дзеліцца ён. — Памятаю, што ў Беларусі такой магчымасці не было. У банку бралі крэдыт тады, маці выплачвала яго год.

На ежу ў нас ідзе 1000-1500 злотых (582-874 рублі). Мясцовыя ў асноўным купляюць кватэры не ў Польшчы. Беларусы едуць у Польшчу, палякі едуць у Вялікабрытанію, Іспанію. У іх іншыя запатрабаванні.

Мы куплялі другаснае жытло, мэбля заставалася ад ранейшых гаспадароў. Месяц пажылі са старой мэбляй, а потым за пару месяцаў усё памянялі, купілі новую. На рамонт з мэбляй патрацілі каля 15 тысяч злотых (8,7 тысячы рублёў).

На рамонт грошы ўжо былі. Тут у цэлым у людзей няма патрэбы неяк сур'ёзна адкладаць. Грошы самі па сабе ёсць. Атрымаў заробак — аплаціў жытло, прадукты, у канцы месяца яшчэ засталося. Зламалася нешта — купіў новае, захацеў — паехаў адпачываць».

У Польшчы цэны на жытло пасля пачатку вайны моцна выраслі — у сярэднім больш, чым на 16%.

Самыя вялікія змены ў Варшаве, дзе сярэдняя цана прапановы за апошнія месяцы павялічылася з 12 780 злотых (2838 даляраў) за квадратны метр у лютым да 13 358 (2966 даляраў) у сакавіку.

У той жа час у Гдыні цэны знізіліся з 13 542 злотых (3007 даляраў) за квадратны метр у лютым да 12 372 (2747 даляраў) у сакавіку. 

Цэны на другаснае жытло ў сталіцы Польшчы выраслі на 2,5% за апошнія два месяцы з 13 411 злотых (2978 даляраў) за квадратны метр да 13 751 (3053 даляраў).

Чытайце таксама: 

Ад унітазаў да аўтазапчастак. Якія тавары завозяцца ў Беларусь па шэрых схемах і колькі на гэтым зарабляюць пасярэднікі

Беларусы пераключыліся на дарагія аўто з Еўропы і ЗША. Чаму так?

Nashaniva.com