Але Караленка за арганізацыю дзіцячага свята ў Гомелі далі 7 сутак

Пра тое, што гомельскую актывістку Алу Караленка асудзілі на 7 сутак арышту, паведаміла Радыё Свабода. У чым афіцыйна яе абвінавачвалі — пакуль невядома.

30.06.2022 / 19:51

27 чэрвеня ў Гомелі мелася прайсці свята для ўкраінскіх дзяцей, якія ўцяклі ад вайны. Але ўдзельнікаў, якія сабраліся ў парку палаца Румянцавых і Паскевічаў, разагнала міліцыя.

29 чэрвеня па адну з арганізатарак, жыхарку Гомеля Алу Караленка, прыйшла міліцыя. Пазней стала вядома, што Ала ў ІЧУ. 

Праўладныя тэлеграм-каналы выказаліся, што міліцыя ўмяшалася ў свята, бо баялася «правакацый і палітычных лозунгаў», а на масавае мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам.

У студзені 2021 года сяброўка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ала Караленка адбыла 7-суткавы адміністрацыйны арышт за арганізацыю навагодняга свята ў лесе, а затым 15 сутак правяла за фота з афіцыйным сцягам БСДП на фоне гарадской ялінкі ў Гомелі.

Чытайце таксама:

Адну з арганізатарак свята для ўкраінскіх дзяцей у Гомелі забралі ў ІЧУ

Міліцыя ў Гомелі разагнала ў парку дабрачыннае мерапрыемства для дзяцей бежанцаў з Украіны

Nashaniva.com