Расійская ракета ўдарыла па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу, можа быць вельмі шмат ахвяр

У горадзе Крамянчуг Палтаўскай вобласці расійская ракета патрапіла ў мясцовы гандлёвы цэнтр. У ім на той момант магло знаходзіцца шмат людзей, Уладзімір Зяленскі паведамляе пра больш чым тысячу. Таму можа быць вельмі шмат ахвяр.

27.06.2022 / 17:10

Намесніца міністра замежных спраў Украіны Эмінэ Джапарава паведаміла, што ракеты патрапілі ў гандлёвы цэнтр «Амстор» за 300 метраў ад чыгуначнага вакзала. Па яе словах, там было нямала людзей, якія прыйшлі купляць прадукты. На відэа бачныя чорныя густыя клубы дыму з гандлёвага памяшкання.

Паведамляецца, што на месцы ўдару вельмі шмат «хуткіх». Можа быць вельмі вялікая колькасць ахвяр, магчыма, найбуйнейшая за ўсе падобныя выпадкі.

Пакуль што вядома пра 20 параненых, з якіх 9 у цяжкім стане. Ужо пацверджана, што 2 людзей загінула. Ратавальная аперацыя працягваецца.

Гэты ўдар па Краменчугу — не першы. 2 красавіка ў выніку расійскіх авіяабстрэлаў была знішчаная інфраструктура Крамянчугскага НПЗ — найбуйнейшага прадпрыемства па вытворчасці нафтапрадуктаў ва Украіне, якое забяспечвала больш за траціну ўсяго ўкраінскага рынку паліва. 12 мая абласныя ўлады паведамлялі пра чарговы абстрэл Крэмянчугскага НПЗ.

18 чэрвеня па Краменчугу было выпушчана восем ракет, ў выніку абстрэлаў пацярпелых не было.

Nashaniva.com