Лукашэнку агучыў перад Пуціным просьбу пра «люстраны» адказ Захаду. Гаворка пра ядзерную зброю ў Беларусі
Ранкам 25 чэрвеня расійскія далёкія звышгукавыя ракетаносцы-бамбардзіроўшчыкі Ту-22М3 здзейснілі масіраваны ракетны ўдар па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі Беларусі. Такое адбылося ўпершыню. На сённяшняй сустрэчы з Пуціным у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка гаварыў пра неабходнасць «люстранога» адказу на дзеянні НАТА. Мова была пра магчымасці размяшчэння ядзернай зброі.
25.06.2022 / 18:48
На сустрэчы Лукашэнка папрасіў Пуціна дапамагчы з люстраным адказам на палёты авіяцыі NATO з ядзернай зброяй ля межаў Беларусі.
«Я прашу вас разгледзець пытанне люстранога адказу на гэтыя рэчы. Без перабору. Яны трэніруюцца несці ядзерныя боегалоўкі. Вы, калі ласка, дапамажыце нам хаця б прыстасаваць нашы самалёты, якія ў нас ёсць, якія могуць несці ядзерныя зарады. Я не кажу аб тым, што мы заўтра перавязём (ці вы перавезяце) туды ядзерныя боепрыпасы. Але нам нельга жартаваць.
Мы памятаем 1941-ы, калі нас закалыхвалі: усё будзе добра, усё ціха, ніхто не нападзе. А потым апынуліся не гатовыя да гэтага. Таму для нас вельмі сурʼёзная сітуацыя. Не ў першы раз стаўлю перад вамі гэтае пытанне. Ведаю, што вы разглядалі ў Міністэрстве абароны. Хацелася б пачуць, як будуць развівацца тут падзеі», — сказаў Лукашэнка.
Пуцін сказаў, што пакуль «няма неабходнасці» такой. Але паведаміў, што РФ цягам найбліжэйшых месяцаў перадасць Мінску комплексы «Іскандэр-М» і прапанаваў даабсталяваць беларускія самалёты Су-25 у Расіі.
Лукашэнка таксама распавёў Пуціну, што Беларусь занепакоеная канфрантацыйнай палітыкай Польшчы і Літвы.
А таксама заявіў, што забарона на транзіт у Калінінград «падобна да абвяшчэнняю вайны»
і што Мінск разлічвае на падтрымку Масквы ў пашырэнні яго статусу ў ШАС.
Абмеркавалі суразмоўцы таксама пытанні харчавання, санкцыі і іншыя праблемы.
Беларусь прапанавала Расіі рэалізаваць 15 сумесных праектаў, Масква іх адобрыла.
Пуцін паведаміў, што абмеркаваў з Кабінетам міністраў РФ пытанне арганізацыі імпартазамяшчальнай прадукцыі разам з Беларусі.
Таксама стала вядома, што Пуцін не прыедзе ў Беларусь. Ён паўдзельнічае ў «Форуме рэгіёнаў» у фармаце відэа-канферэнцыі.