Добраахвотнік-«каліновец» «Оскар»: Думаю, маму прымусілі мяне абгаварыць
Пяхотнік палку Кастуся Каліноўскага 21-гадовы Аляксей «Оскар» Вайцяховіч у Беларусі прайшоў праз адміністрацыйны арышт і крымінальны пераслед. Ад пачатку 2021 года ён жыў у Кіеве. Застаўся ў горадзе і тады, калі пачалася вайна. Не так даўно на дзяржаўных каналах у інтэрнэце пачалі распаўсюджваць відэа з мамай Аляксея, дзе яна асуджае дзейнасць сына. У інтэрв'ю Радыё Свабода «Оскар» падзяліўся сваім бачаннем і гэтай сітуацыі.
23.06.2022 / 20:46
Аляксей «Оскар» Вайцяховіч
«Проста ведаў, што пайду вучыцца на кухара»
— Раскажыце крыху пра сябе, адкуль вы родам, дзе вучыліся.
— Нарадзіўся ў вёсцы Клыпаўшчына Койданаўскага раёна. Але гадаваўся ў мястэчку Краснае Маладзечанскага раёна, там скончыў школу. Вучыўся ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі. Потым працаваў па спецыяльнасці — кухарам. Працаваў у асноўным у Маладзечне.
— Адкуль такое захапленне кухарствам?
— Вельмі падабалася гатаваць, глядзець, як гатуюць, здавалася гэта цікавым заняткам. Таму я нават асабліва не думаў, куды мне паступаць, проста ведаў, што пайду вучыцца на кухара. Я б не сказаў, што ў мяне ёсьць фірмовыя стравы. Мне падабаецца гатаваць тое, што я ніколі яшчэ не рабіў, і частаваць гэтым людзей.
Аляксей «Оскар» Вайцяховіч
«Севярынец — найлепшы варыянт для прэзідэнта»
— Як трапілі ў «Малады фронт»?
— Гэта адбылося пасля знаёмства з Дзянісам Урбановічам і Паўлам Севярынцам напрыканцы 2019 года. Я тады ўдзельнічаў у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту. На той момант я яшчэ не быў ні ў якіх арганізацыях, мяне раз'юшыў сам факт, што Лукашэнка гандлюе нашай незалежнасцю. Вырашыў, што нам трэба супрацьстаяць акупацыі краіны. Калі Севярынец браў удзел у праймерыз, то я далучыўся да ягонай групы.
— Як ставіцеся да Севярынца?
— Гэта вельмі шчыры і сумленны чалавек. У яго вачах я бачыў полымя. Я мог верыць Севярынцу і разумець, што ён зычыць Беларусі толькі лепшай будучыні. Перакананы, што Севярынец быў бы найлепшым варыянтам для Беларусі як прэзідэнт.
— Па-беларуску з таго часу гаворыце?
— Да 2019 года я асабліва не карыстаўся беларускай мовай, але потым прыйшло разуменне, што трэба размаўляць па-беларуску. Мова — адна з тых рэчаў, якая адрознівае нас ад расейцаў, таму нам патрэбна ёю часцей карыстацца, ганарыцца ёю. У інтэрнэце хапае крыніц, дзе можна навучыцца беларускай. На ютубе таксама кантэнту па-беларуску дастаткова — было б жаданне.
«У вёсцы была акцыя пратэсту»
— Удзельнічалі ў пратэстах 2020 года?
— Так, быў амаль на ўсіх акцыях, апроч самых першых. Справа ў тым, што мяне затрымалі 9 жніўня, калі быў назіральнікам у Маладзечне, і да 12 жніўня я прабыў у мясцовым ІЧУ. Затрыманых у Маладзечне было вельмі шмат, усё было перапоўнена. Удзельнічаў не толькі ў Мінску, але і Маладзечне, і ў сваёй вёсцы.
— У вёсцы? Гэта як?
— Я не ведаю, як так атрымалася, усё было спантанна. Я сядзеў у кватэры бацькоў у Красным, чую, што за вокнамі сігналяць машыны. Калі я зразумеў, у чым справа, то схапіў свой бел-чырвона-белы сцяг, выбег на вуліцу і далучыўся да людзей, якія сталі ў ланцуг.
— Вы ж пасля сядзелі на сутках?
— Мяне затрымалі ў кастрычніку на Арлоўскай у Мінску. Проста перад намі выехаў аўтазак, адтуль пачалі выскокваць амапаўцы. Я забег у двары, спрабаваў уцячы, але паваліўся. Мяне затрымалі, збілі, рассеклі галаву. Далі пятнаццаць сутак, двое адседзеў на Акрэсціна, а потым мяне перавялі ў Жодзіна. На той момант умовы яшчэ былі звычайныя для такіх месцаў. Былі матрацы, але на іх нельга было ляжаць днём.
Аляксей «Оскар» Вайцяховіч
— У адным відэа вы казалі, што была заведзеная крымінальная справа. За што?
— Калі нічога не блытаю, то гэта артыкул 342 — «Удзел альбо арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Усё пачалося з таго, што перад Новым годам мне пазванілі са Следчага камітэта Цэнтральнага раёна Мінска. Сказалі, што мне трэба з'явіцца на допыт абавязкова да Новага году. Я сказаў, вы ж можаце падманваць ці разыгрываць мяне, дасылайце позву. Праз нейкі час прыйшла позва, дзе я быў названы падазраваным у крымінальнай справе. Сябры параілі мне з'ехаць хаця б на нейкі час. Тады яшчэ былі самалёты, хуценька сабраў рэчы і паляцеў у Кіеў. Чакаў моманту, калі можна будзе вярнуцца, але ўсё зацягнулася.
«Давялося ўсяму вучыцца»
— Чым займаліся ў Кіеве?
— Я там дастаткова добра абжыўся. Працаваў кухарам у рэстаране грузінскай кухні. Спецыялізаваўся па хінкалі. Для мяне заробкі былі цалкам прымальныя, я там атрымліваў у два разы больш, чым у Беларусі. Мне на жыццё хапала.
— Памятаеце дзень 24 лютага?
— Прачнуўся а шостай раніцы праз тое, што мне званіў Дзяніс Урбановіч са словамі, што пачалася вайна. Я быў сонны і ні халеры не разумеў. Пачуў выбухі дзесьці ў суседнім раёне, тады прачнуўся, стаў думаць, што рабіць далей. Мы звязаліся са знаёмымі хлопцамі і вырашылі, што трэба ваяваць і абараняць Украіну. На наступны дзень мы спрабавалі запісацца ў тэрытарыяльную абарону. Прастаялі ў чарзе сем гадзін, але акурат на нас скончыліся патроны. Нам сказалі, выбачайце, хлопцы, але без патронаў зброю выдаваць не будзем. Некалькі дзён мы праседзелі па дамах. А потым далучыліся да тэрытарыяльнай абароны «Азова», дзе сталі трэніравацца. Праз нейкі час з намі звязаўся хлопец з беларускай роты і забраў да сябе.
Аляксей «Оскар» Вайцяховіч
— У вас нармальная фізічная падрыхтоўка была?
— Не. Ніякага вайсковага досведу не было таксама. Давялося ўсяму вучыцца. Месцамі было цяжка, але я разумеў, што гэта неабходна. Інакш я не вытрымаю ніводнай баявой задачы. Што тычыцца «Азова», то нічога такога звышнатуральнага, там былі звычайныя людзі, былі такія, у якіх было яшчэ горш з фізічнай падрыхтоўкай, чым у мяне. Але мы ўсе хацелі паўдзельнічаць у вызваленні Украіны.
«Я не «касіў»
— Беларуская прапаганда распаўсюджвае пра вас зьвесткі, што вы «касілі» ад войска. Гэта праўда?
— Я не «касіў». У той час у мяне былі пэўныя праблемы са здароўем. Войска я ўспрымаў так, што гэта могуць быць карысныя веды, але толькі ў тэорыі. На практыцы ж мне сябры казалі, што там няма чаго рабіць. Усе паўтара года з вайсковай справай ты амаль не кантактуеш, займаешся нейкай лухтой. Я не намагаўся пазбегнуць службы ў арміі, але так атрымалася.
Аляксей «Оскар» Вайцяховіч
— Адкуль у вас пазыўны «Оскар»?
— Гэта прыйшло з сацсетак. У нейкі час я перастаў весьці старонку як асабістую, ад свайго імя, выкарыстоўваў яе як плэер. Тады я ўзяў сабе псеўданім, так і пачаўся «Оскар». Мне падабаецца гэтае імя, здаецца мне прыгожым. З таго часу амаль усе знаёмыя і сябры так мяне называюць. Я да гэтага імя звык.
«Планы — гэта не непарушны канструкт»
— Калі было першае баявое заданне?
— Прарыў на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Тады я зразумеў: не трэба спадзявацца, што ўсё пойдзе па плане. У любую хвіліну ўсё можа пайсці па адным месцы. Планы — гэта не непарушны канструкт, яны ўвесь час змяняюцца. Шмат фактараў можа паўплываць на гэта.
— З нашай размовы складаецца ўражанне, што вы даволі флегматычны чалавек. Вас цяжка выклікаць на эмоцыі. Думаю, паніка ці страх вам не дужа ўласцівыя.
— Магчыма. Я, мабыць, такі флегматычна-меланхалічны. Адносна страху нельга так сказаць. Нам, салдатам, таксама страшна. Ніколі не ведаеш, што можа здарыцца. Заўсёды нехта можа загінуць, у тым ліку і ты. Але, здаецца, у нас усе гэта разумеюць і маюць добры настрой. Панікі дакладна няма, хлопцы трымаюцца малайцамі. Увесь час жартуем, выціскаем максімум з сітуацыі.
— Прарыў на поўдні Украіны быў паспяховы. Гэта дадало вам бадзёрасці?
— Канечне, мы былі проста на піку свайго баявога духу. Былі ўражаныя, што так добра выканалі задачу. Гэта нас натхніла максімальна, усе былі вельмі задаволеныя. Без памылак не абышлося, але мы выканалі ўсё і зрабілі так, каб усе вярнуліся жывымі.
— Калі вяртаецеся ў Кіеў, то няма адчування, што горад ужо жыве звычайным жыццём? І праблемы фронту яго не вельмі хвалююць?
— Кіеў, канечне, жыве. Тут няма абстрэлаў. Гэта дзякуючы ў тым ліку і нашым намаганням. Важна, каб людзі спакойна жылі. Калі ўся краіна, усе мужчыны будуць на вайне, то не будзе каму працаваць на заводах, эканоміка проста стане. Важна, каб прыносіліся грошы ў эканоміку краіны. Калі грошай не будзе, то гэта будзе вялізная праблема.
«Я зразумеў свой сэнс жыцця»
— Што ў вас за татуіроўка на твары? Чаму напісана Suicide?
— Калі я быў маладзейшы, то ў мяне былі праблемы з псіхічным здароўем. Гэта быў мой пратэст супраць паўсядзённага жыцця. У мяне была дэпрэсія, я ўвесь час сябе кепска адчуваў, не ведаў, што буду далей рабіць па жыцці. На гэтым фоне я зрабіў такую татуіроўку, як знак таго, што ў мяне ёсць праблемы.
— Цяпер іх удаецца вырашаць?
— Скажам так, яшчэ ў 2019 годзе я зразумеў свой сэнс жыцця — гэта вольная Беларусь, вызваліць краіну. Зрабіць так, каб працавалі законы, каб не саджалі ў турмы за словы.
— Далікатная тэма, але нядаўна з'явілася відэа з вашай мамай, дзе яна асуджае вашу дзейнасць. Можаце гэта неяк ацаніць?
— Мне здаецца, што яе прымусілі мяне абгаварыць. Першыя яе словы былі пра тое, што я «мамчын сынок». Пасля гэтага я выключыў відэа. У мяне не было жадання глядзець далей. Я ўсё зразумеў, бо ўвесь час намагаўся быць незалежны ад бацькоў, і мама пра гэта цудоўна ведае.