«Не ведаю, як намаляваць Мікалая Статкевіча». Мастачка прыдумала вышываць палітвязняў — і цяпер гэта ж робяць сотні людзей
Мастачка Руфіна Базлова расказвае гісторыі палітвязняў, але робіць гэта не словамі і не мазкамі фарбаў. Руфіна ўвасабляе лёсы зняволеных у сцяжках нітак і ў схемах для вышывання, якія распаўсюджвае сярод салідарных беларусаў і не толькі. Пагутарылі з ёй пра тое, як гэта працуе.
20.06.2022 / 09:03
Фота: Дар'я Рудзько
Як расказаць гісторыю праз бела-чырвоную вышыўку
Руфіна Базлова сама родам з Гродна, але цяпер жыве ў Чэхіі. Там яна апынулася ў 2008 годзе, калі з’ехала вучыцца. Выбрала Чэхію выпадкова — сябар проста паклікаў дзяўчыну паспрабаваць паступіць у чэшскі ўніверсітэт, і ўсё атрымалася.
Спачатку беларуска адвучылася на ілюстратара ў Заходнечэшскім універсітэце ў Плзэні, дзе атрымала ступень магістра мастацтваў. Потым паступіла ў Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Празе, на тэатральны факультэт, і там атрымала другую вышэйшую адукацыю — сцэнографа-лялечніка.
«У Чэхіі, падчас вучобы, зацікавілася вышыўкамі і арнаментамі, і тады ўзнік мой першы праект — кніжка з нейкім міфам, здаецца, «Песні птушкі Гамаюн», дзе я з дапамогай сімвалаў спрабавала запісаць тэкст. Другім праектам якраз была вышыўка — чырвона-белая, на сукенцы. Гэта быў комікс пра тое, як нараджаюцца жанчыны, гісторыя пра кругаварот жанчын у прыродзе. Вышыла яго на падоле сукенкі, зрабіла своеасаблівую кніжку на тканіне», — дзеліцца Руфіна.
Фота: Вераніка Кантурова
Гэтыя праекты беларуска распрацавала ў 2010-2012 гадах. Потым пераключылася на працу ў іншых стылях і толькі ў 2020 годзе вярнулася да вышыўкі.
Чаму менавіта гэты від мастацтва? Руфіна тлумачыць, што раней жанчыны не ўмелі ні чытаць, ні пісаць, і вышыўка была іх кодам і мовай. Так жанчыны кадзіравалі ўсё тое, што адчувалі і бачылі навокал, усе свае думкі і жаданні. Мастачцы падалася цікавай ідэя, што такім чынам можна расказваць гісторыі.
Таму беларуска і згадала пра вышыўку ў пратэсным 2020-м. Свой стыль яна называе народным, бо ўсе гісторыі 2020 года — з народа і пра народ. Руфіна адкрыла для сябе магчымасць увасобіць у жыццё дужа цікавую канцэпцыю.
«Вырашыла — магчыма, цяпер гэта самая належная форма для працы. Зрабіла некалькі эскізаў — і ўсё пачалося», — згадвае мастачка.
Праца «Святлана — мой прэзідэнт» з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі»
«Спачатку ператварала ў вышыўку розныя падзеі, пра якія чула ў медыя і якія мяне чаплялі. Напэўна, першыя працы былі пра разгон дэманстрантаў, пра аб’яднаны штаб трох жанчын, дыджэяў перамен ды жанчын у белым. Цяпер у асноўным распавядаю пра гісторыі палітычных вязняў.
Часцей за ўсё гэта факты пра тое, як яны былі затрыманыя і чаму, агульнадаступная інфармацыя, якую я перапісваю ў ілюстрацыі. Калі маю дадатковую інфармацыю пра чалавека — чым ён ці яна цікавіцца, колькі мае жывёл ці дзяцей — гэта таксама спрабую ўключыць у схему.
Раблю схемы для вышывання на камп’ютары. Нешта вышываю сама, нешта вышываюць іншыя людзі. Гэта асабліва тычыцца нашага новага праекта Framed in Belarus, які я раблю ў калабарацыі з калегай Сафіяй Такар», — расказвае Руфіна.
Колеры яе вышывак — белы і чырвоны. Мастачка тлумачыць, што нярэдка гледачы шукаюць за такім выбарам пратэсны сэнс, але ж для самой Руфіны белы і чырвоны — перш за ўсё колеры традыцыйнай беларускай вышыўкі, і так беларуска ўспрымала іх з самага пачатку.
«Сэнс у тым, каб даць гісторыям візуальнае вымярэнне»
Як Руфіна пачала працаваць менавіта з тэмай палітвязняў? Перш за ўсё, для беларускі гэта дужа важная тэма, пра якую патрэбна гаварыць. І не проста гаварыць, а яшчэ і фіксаваць усё тое, што адбываецца з вязнямі, як частку беларускай гісторыі.
Праца «Гвалт у турмах» з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі»
У дадатак, стваральніцы праекта вырашылі не вышываць гісторыі палітвязняў самастойна, а раздаць схемы людзям, каму будзе цікава гэтым займацца. Маўляў, гэты праект выйшаў з народнай вышыўкі, гэта народная гісторыя, і калі людзі будуць самі яе вышываць, гэтая гісторыя вернецца народу. Ды і шмат хто з людзей прасіў Руфіну падзяліцца схемамі.
Усе вышытыя гісторыі мастачкі плануюць пазней аб’яднаць. Для іх гэта — накшталт «інтравертнага» аб’яднання людзей, калі ўжо не магчыма выходзіць на пратэсты, але фрустрацыя нікуды не знікла. Калі людзі вышываюць, яны адчуваюць, што робяць нешта вартае разам з іншымі і пакідаюць след у гісторыі.
Руфіна тлумачыць, што ў канцы праекта, напэўна, атрымаецца пано з некалькіх частак, бо калі ўсе вышыўкі аб’яднаць у адно пано, яно будзе занадта вялікім. Мастачкі пакуль што нават не ведаюць, якіх памераў выйдзе праца, бо колькасць палітвязняў — і, адпаведна, гісторый — пастаянна павялічваецца. Але ўжо цяпер Руфіна і Сафія робяць выставы work in progress з тых вышывак, што ў іх ёсць. Такія выставы праходзяць у кракаўскім Музеі сучаснага мастацтва MOCAK і ў нямецкім горадзе Ахен.
Які ж сэнс мастачкі ў гэта ўкладваюць?
«Калі мы глядзім на адну маленькую вышыўку, мы бачым на ёй канкрэтнага чалавека і канкрэтную гісторыю. А калі ўспрымаць увесь праект у цэлым, гэта сукупнасць мноства людзей, прасторы, колькасці патрачанага часу.
Гаворка і пра час чалавечага жыцця, патрачаны ў турме, які можна было б выкарыстаць іншым чынам, і пра час людзей, якія вышываюць, бо і вышываць — гэта доўга. Думаю, праз такую форму і такую колькасць могуць абуджацца іншыя пачуцці.
Часта, калі мы называем лічбу, мы не можам дакладна ўявіць, колькі гэта — больш за 1200 палітвязняў. Але калі бачым яе ў аб’ёме, у прасторы, можам зразумець, наколькі гэта шмат. Сэнс яшчэ і ў тым, каб даць гэтым гісторыям візуальнае вымярэнне, зафіксаваць іх праз арт-аб’ект і захаваць такім чынам».
Любое мастацтва — гэта тэрапія, але ў гэтым выпадку мы маем і адукацыйны праект, бо так гісторыі зняволеных беларусаў распаўсюджваюцца па ўсім свеце. Важна, што ў праекце ўдзельнічаюць не толькі беларусы, а і людзі з ЗША, Чэхіі, Скандынавіі, Польшчы, нават з Казахстана і Японіі. Для іх гэта праява салідарнасці, для некаторых — магчымасць надаць сэнс сваім заняткам вышываннем. Унутры Беларусі людзі таксама вышываюць.
Як тлумачыць мастачка, вышыванне — гэта абавязкова пра сувязь з чалавекам. І лепей за ўсё каб той, хто вышывае, знаходзіўся ў кантакце з палітвязнем ці яго сям’ёй, бо тады мы маем мацнейшыя эмоцыі паміж людзьмі. Калі такім чынам атрымаецца звязаць людзей з двух палюсоў, з волі і з засценкаў беларускіх турмаў, праект дасягне сваёй мэты.
А ці ведаюць пра яго самі палітвязні? Руфіна расказвае, што многія родныя палітвязняў чулі пра Framed in Belarus і ў ім удзельнічаюць.
«Звычайна яны вельмі ўдзячныя за тое, што іншыя людзі памятаюць пра іх сваяка і такім чынам — праз вышыўку яго гісторыі — удзяляюць яму час. Мы таксама просім людзей, каб яны пісалі лісты ды паштоўкі да вязняў і ўсяляк падтрымлівалі іх з сем’ямі. Як я разумею, вязняў пераконваюць, што пра іх усе забылі і нікому яны не патрэбныя, і, магчыма, такое ж адчуванне маюць і іх сваякі. А мы ім паказваем, што насамрэч пра людзей памятаюць», — упэўненая беларуска.
Вышыванне, як адзін з варыянтаў рукадзелля, рэч не надта папулярная. Руфіна лічыць гэта заканамерным: маўляў, выглядае лагічным не вышываць самому, калі такую ж працу можна зрабіць на машыне і вынік будзе выглядаць не горш, а свабодны час можна патраціць на нешта іншае.
Але ж праект Руфіны і Сафіі — зусім іншае, і, магчыма, таму ён актыўна развіваецца:
«Вы траціце вялікую колькасць часу і канцэнтруецеся на гісторыі канкрэтнага чалавека, які цяпер знаходзіцца ў турме. Такая праца мае сэнс, гэта зусім іншы падыход, чым калі за цябе ўсё бяздушна будзе вышываць машына. Людзі часта хочуць адчуваць сябе патрэбнымі, думаю, і па гэтай прычыне яны пагаджаюцца паўдзельнічаць у праекце і прадэманстраваць салідарнасць».
Водгук удзельніцы праекта
Мастачкі раздалі каля 200 схем для вышывання і прызнаюцца: людзі часам звяртаюцца па схемы актыўней, чым Руфіна паспявае іх рыхтаваць. Некаторыя з гісторый ужо вышылі, іншыя вышываюць цяпер, нехта працу яшчэ не пачаў. Але 200 схем — гэта мала, мастачкі хацелі б увасобіць усе гісторыі.
Праўда, колькасць палітвязняў павялічваецца хутчэй, чым дзяўчына паспявае прапрацоўваць інфармацыю.
Ёсць гісторыя, якую Руфіна і сама не ведае, як падрыхтаваць:
«Як намаляваць Мікалая Статкевіча? Ён столькі ўсяго зрабіў, што я не надта разумею, як гэта ўсё ўмясціць у адну ілюстрацыю і як зрабіць гэта так, каб сэнс быў зразумелы з першага погляду. Што да эмоцый, то ўсе гісторыі для мяне складаныя. Кожны раз, як саджуся за працу, чытаю пра рэчы, якія злуюць мяне і кранаюць да глыбіні душы».
Праз працу з гісторыямі палітвязняў мастачка сама стала бліжэйшай да Беларусі. Калі яна вывучае лёс кожнага зняволенага, чуе новыя імёны, пра якія раней не ведала, і такім чынам атрымлівае ўяўленне пра становішча з палітвязнямі ў краіне. Бачыць сярод іх абсалютна розных людзей: ад вядомых палітыкаў, бізнэсменаў і культурных дзеячаў да простых рабочых.
Актывісты вышываюць і тых, хто ўжо выйшаў на волю ці тых, хто збег з Беларусі.
Фота: Herman Josef Pilgram
І гэта не адзіны праект, якім займаецца Руфіна Базлова:
«Нядаўна я вярнулася з нямецкага Ахена, дзе разам з мясцовымі мастачкамі і вышывачкамі мы рабілі інсталяцыю. З майго боку трэба было прыдумаць тры сукенкі, бо інсталяцыю рабілі ў гонар трох беларусак — Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава атрымалі прэстыжную прэмію імя Карла Вялікага, і цырымонія прайшла якраз у Ахене. Кожная з сукенак сімвалізавала адну з гэтых жанчын і тую частку пратэснага руху, якую яна прадстаўляла».