«Гэтае «вынаходніцтва» гадоў 20 на складзе праляжала!» Што паказвалі Лукашэнку на нарадзе па мікраэлектроніцы
Цягам гадзіны кіраўніцтва краіны разважала пра нанатэхналогіі, але пры гэтым разглядала схемы, запаяныя на абы-якія правады, спаленыя кандэнсатары і разліты па платах прыпой…
14.06.2022 / 21:11
Сёння Аляксандру Лукашэнку дэманстравалі перадавыя айчынныя напрацоўкі ў сферы мікраэлектронікі — гэтаму нават прысвяцілі спецыяльную нараду. Візуальны матэрыял калейдаскопам мяняўся перад афіцыйнымі асобамі. Тады як тлумачэнні, перасыпаныя тэрміналогіяй, павінны былі запэўніць, што санкцыі ў сферы высокіх тэхналогій краіне абыякавыя.
Аднак варта было больш дэталёва разгледзець скрыншоты «прарыўных напрацовак», як людзей, звязаных з гэтай галіной, накрыла істэрыка.
Фота тут і далей: тг-канал пула Лукашэнкі
«Дастаткова глянуць на фота платы з некалькімі кандэнсатарамі, каб схапіцца за галаву. Які дэвайс не згадай, яна туды ні ў пяць, ні ў дзесяць. Нават калі гэта макет пэўнай прылады, то прыкладны сэнс элементу-наватвору і туды не прыдумаць»,
— адзначаюць суразмоўцы, дасведчаныя ў сферы мікраэлектронікі.
І дадаюць, што падобныя платы распрацоўваліся ў лепшым выпадку напачатку стагоддзя, дзесьці ў 2003-м. Можа, менавіта таму яе стан сёння такі безнадзейны: функцыяналу няма, схема запаяная на абы-якія правады, кандэнсатары спаленыя, а па самой плаце ўсюды разліты прыпой…
«Людзі кпяць, маўляў, нешта падобнае рабілі апошнім разам у шостым класе. І, ведаеце, гэта недалёка ад ісціны. Як мінімум па часе. Бо калі ўважліва прыглядзецца да фота, лёгка пабачыць нумар мікрасхемы, які напісаны асадкай.
У сучаснасці ж ідэнтыфікацыя зусім іншая як па тэхналогіі, так і па афармленні, — распавядаюць суразмоўцы. — Такое адчуванне, што дадзенае «вынаходніцтва» некалі даўно для кагосьці індывідуальна распрацавалі, але патрэбы яно так і не займела. З-за чаго 20 гадоў на складзе і праляжала».
Дарэчы, крытыку прафесіяналаў выклікалі не толькі дробязі, але і сама сутнасць нарады разам з фарматам правядзення. Бо недасведчанаму чалавеку нюансы мікраэлектронікі не патлумачыць. Тым больш на прыкладах нейкіх сур'ёзных распрацовак.
«Максімум, што ты можаш атрымаць, — эстэтычнае задавальненне ад колераў ды форм, — аднагалосна сцвярджаюць дасведчаныя людзі. — Калі б не фота з дыёднымі мікрасборкамі, якія ўжо процьму год «Інтэграл» вырабляе, то ўвесь стэнд можна было б назваць «пастановай», а нараду — «перформансам».
Не дадае вістоў палітычным сцверджанням і рэальная вага беларускай прадукцыі на сусветным рынку. Слова «канкурэнтаздольнасць» выклікае сумныя ўсмешкі.
«Ведаеце мем «усё вельмі дрэнна»? Вось гэта пра айчынную мікраэлектроніку. Запытайце ў практыкаў, хто мінімум гадоў 15 працуе ў сферы, колькі разоў за гэты час яны сустракаліся з беларускай «начынкай» у дэвайсах? Дай бог, каб хаця б аднойчы такое спатканне адбылося!»
Суразмоўцы тлумачаць: наладзіць вытворчасць усёй высокадакладнай прадукцыі ў адной краіне немагчыма. Таму амерыканскія напрацоўкі нават унутры аднаго корпуса суседнічаюць з кітайскімі, а акаляе іх які-небудзь карэйскі элемент.
«Мы ж з развалам уласных вытворчасцяў — на «Інтэграле» палова цахоў ужо не адпавядае прызначэнням — адсталі ад сусвету. Нават калі аб'яднаць высілкі з Расіяй, стаць з лідарамі вытворчасці ў адзін шэраг не ўдасца. Хутчэй вернемся ў часы, калі на кітайскія маніторы клеілі этыкеткі «Інтэграла».
А што да санкцый у сферы мікраэлектронікі — ці адчуваюцца яны? Бо Лукашэнка ўслед за Пуціным намякае: калі нечага хапаць не будзе, падгледзім ды «пазычым» на Захадзе альбо Усходзе.
«Бравада дый толькі! — настойваюць суразмоўцы. — Сёння нават ідэі скрасці немажліва. Тыя ж кітайцы зараз супыняюць адгрузку ўласнай вытворчасці на тэрыторыю Расіі ды Беларусі, бо ў аснове іх тэхналогій ляжаць запатэнтаваныя амерыканскія ідэі. І калі нарушыць правілы на карысць нашай дзяржавы, можна самім вельмі моцна пацярпець.
Мікраэлектроніка — сфера, дзе завязаныя інтарэсы вельмі многіх краін. І рызыкаваць вытворчасцю, прыбыткам альбо рынкамі ніхто наўпрост не будзе. Тым больш калі партнёр усё яшчэ падпісвае платы асадкай».