Чалы: Упэўнены, што за красавік-май будзе мінус 40% экспарту
Аналітык Сяргей Чалы паразважаў пра стан эканомікі. Ён думае, што ў наступным месяцы мы ўбачым зніжэнне цэн на асобныя тавары — і вось чаму.
12.06.2022 / 21:57
Вытрымкі з яго эфіру на DW прыводзіць «Салідарнасць».
У Беларусі асноўны ўдар па эканоміцы прыйшоўся па экспарце, кажа аналітык.
«І мы знаходзімся ў самым горшым з двух светаў. Таму што мы адначасова пакутуем ад наступстваў прытоку нафтадаляраў у Расію і пакутуем ад таго, што ў нас няма ўласнага прытоку валютных паступленняў.
За першы квартал мы яшчэ не бачылі вынікаў. Я ўпэўнены, што за красавік-май будзе мінус 40% экспарту, і гэта катастрафічнае падзенне. Красавіцкія лічбы па ВУП — гэта ўжо мінус 6%, калі лічыць месяц да месяца».
Што да рэакцыі бізнэсу на санкцыі, то Чалы лічыць, што ўцёкі капіталу спынены толькі адміністрацыйнымі мерамі.
«Мы ж перанялі ад Расіі пастанову аб тым, што, калі хтосьці паспрабуе сысці з Беларусі або спрабуе замарожваць інвестыцыі або нават прыпыняць інвестыцыйныя праекты, то ім ледзь не пагражалі адабраннем уласнасці, нацыяналізацыяй і гэтак далей.
Гэта значыць, тая сітуацыя, якую мы цяпер маем, яна абсурдная з пункту гледжання макраэканомікі, таму што рубель занадта моцны ў параўнанні са станам бягучага рахунку, плацежнага балансу. З іншага боку, мы маем велізарную колькасць адміністрацыйных абмежаванняў. Мала хто мог сабе ўявіць, што спачатку будзе паслабленне, а потым рэзкае ўмацаванне рубля.
Быў момант, калі імпарцёры закладвалі рызыкі далейшага паслаблення валюты. Было ледзь ці не паўтаракратнае паслабленне беларускага і расійскага рубля, пасля чаго адбыўся адкат на дакрызісны ўзровень, а цэны засталіся на старым узроўні.
Пра гэта, дарэчы, і Лукашэнка абураўся, а Камітэт дзяржкантролю, так званая паліцыя цэн, прымяняе ўсе магчымыя сродкі, ад пераканання да эканамічнага гвалту, для таго, каб прымусіць гэтыя цэны ўпасці. Я думаю, што ў наступным месяцы мы ўбачым зніжэнне цэн на тое, што вырасла больш за ўсё — на аўтамабілі і на бытавую тэхніку», — прагназуе Чалы.