Сёння ў Кракаве — другі этап фестываля «Прадмова». У праграме — чытанне дзіцячых вершаў Андрэя Скурко

Сёння ў Кракаве праходзіць другі этап беларускага Фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». У гэтым годзе арганізатары вымушаныя праводзіць яго за мяжой — у чатырох гарадах, дзе цяпер найбольш беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму: Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні.

12.06.2022 / 08:10

Фестываль у Кракаве праходзіць па адрасу: Віла Дэцыюса, ul. 28 Lipca 1943 roku 17A. 

Пачатак — у 10.00.

Кракаўская PRADMOVA пройдзе ў межах фестывалю «Культура ў эміграцыі» і стане, мабыць, самай вытанчанай з усіх «прадмоў». Па-першае, таму што яна уключыць у сябе шмат паэзіі, а, па-другое, бо фестываль у Кракаве пройдзе ў памяшканні Вілы Дэцыюс, архітэктурным помніку XVI ст.

Акрамя мора паэзіі ў праграме вы знойдзеце шмат іншых не менш яскравых выступаў і тэм. Наведвальнікі змогуць паразважаць пра дом і досвед жыцця за мяжой, трапіць на прэзентацыі кніг, музычныя імпрэзы і нават прэмію, узяць удзел у дыскусіі пра траўмы 21-га стагоддзя разам з выбітнымі філосафамі. Таксама арганізатары падрыхтавалі багатую праграму для дзетак.

На працягу ўсяго фестывальнага дня будзе працаваць кніжны кірмаш.

Сярод удзельнікаў і ўдзельніц фестывалю: Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Марыя Мартысевіч, Вальжына Морт, Аляксандр Чарнуха, Лявон Баршчэўскі, Міхаіл Мінакаў, Вольга Шпарага, Юля Цімафеева, Мілаш Беджыцкі, Рышард Крыніцкі, Эва Ліпска і шмат іншых яскравых пісьменнікаў і пісьменніц, паэтаў і паэтак, філосафаў і філосафак.

УВАХОД ВОЛЬНЫ

Праграма фестываля сёння пачынаецца з чытання дзіцячых вершаў аднаго з рэдактараў «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, які цяпер знаходзіцца за кратамі. Вершы ён піша для свайго малога сына Тамаша, але яны здабылі папулярнасць і ў іншых хлопчыкаў ды дзяўчынак.

Цалкам праграма фестываля «Прадмова» ў Кракаве даступная ТУТ.

Nashaniva.com