У поп-зоркі Джасціна Бібера паралізавала палову твару. Гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў
28-гадовы канадскі спявак і акцёр апублікаваў відэа, у якім распавёў пра сіндром Рамзі Ханта, з-за якога ў яго паралізавала палову твару.
11.06.2022 / 08:26
Бібер удакладніў, што з-за цяжкай хваробы нядаўна прыпыніў сваё турнэ па свеце. «Я зрабіў усё, каб паправіцца, але мая хвароба прагрэсіруе», — падкрэсліў ён.
Бібер не можа расплюшчваць правае вока і ўсміхацца.
«Гэта даволі сур'ёзна, як бачыце. Я б хацеў, каб гэта было не так. Відавочна, маё цела кажа мне, што я павінен запаволіцца», — удакладніў Бібер.
Па звестках клінікі Мэйо (Mayo Clinic), захворванне з'яўляецца ўскладненнем пасля апярэзваючага лішаю, які можа прывесці да паралічу тваравага нерва. Страта слыху і параліч нерва, звязаныя з сіндромам Рамзі Ханта, носяць часовы характар, аднак могуць стаць пастаяннымі, удакладнілі медыкі.