Расіяне асудзілі замежнікаў, якія ваявалі за Украіну, да расстрэлу. Вось чаму з беларускімі добраахвотнікамі такое не здарыцца

Вярхоўны суд «ДНР» 9 чэрвеня «асудзіў» да смяротнага пакарання трох украінскіх вайскоўцаў замежнага паходжання. Гэтыя трое — ніякія не наёмнікі, а людзі, якія даўно жывуць ва Украіне, жанатыя з украінкамі, адзін з іх нават паспеў атрымаць грамадзянства Украіны, і служылі ва Узброеных сілах Украіны яны згодна з законамі гэтай краіны. Проста расіянам вельмі трэба пацверджанне сваёй прапагандысцкай устаноўкі, што Марыупаль два месяцы абаранялі «наёмнікі». Ці можа падобная сітуацыя здарыцца з беларусамі, калі яны гіпатэтычна трапяць у палон?

10.06.2022 / 15:11

Што здарылася і што вядома пра гэтых замежнікаў?

Цалкам кантраляваны Расіяй «суд ДНР» — утварэння на землях Украіны, захопленых Расіяй — «прысудзіў» да смяротнага пакарання трох украінскіх вайскоўцаў замежнага паходжання.

Расіяне заявілі, што палонныя «могуць абскардзіць пастанову» і «прасіць аб літасці». Замежным абаронцам Украіны далі месяц на «абскарджанне рашэння».

Па законах Украіны на замежных грамадзян, якія служаць у шэрагах Узброеных Сіл Украіны, распаўсюджваецца прававы статус камбатантаў. Гэты статус надзяляе іх правам на абыходжанне з імі як з ваеннапалоннымі, калі яны патрапілі ў рукі ворага. Гэта значыць, што яны абаронены Жэнеўскай канвенцыяй. Хаця раней заходнія выданні паведамлялі пра выпадкі, калі нават украінцаў, што служаць ва ўкраінскай арміі і здаваліся ў палон, расіяне каралі смерцю. Гэта — сур’ёзнае парушэнне міжнароднага права. 

Шон Пінэр, Эйдэн Эслін, а таксама Саадун Брагім — грамадзяне іншых краін (Брытаніі і Марока), але яны не прыехалі ва Украіну нядаўна, а ўжо даўно інтэграваныя ва ўкраінскае грамадства. Яны афіцыйна служылі ва ўкраінскай марской пяхоце. З прававога пункту гледжання яны не наёмнікі. У Эсліна ўвогуле ёсць украінскае грамадзянства.

28-гадовы Эслін з англійскага Ньюарка раней працаваў у службе апекі. У 2015 годзе ён з'ехаў у Сірыю і далучыўся да курдскіх атрадаў, каб ваяваць супраць «Ісламскай дзяржавы». Пасля гэтага ён падарожнічаў, пасяліўся ў Мікалаеве, дзе сустрэў дзяўчыну настаўніцу англійскай мовы ў навучальным цэнтры ВМС Украіны, і вырашыў застацца ва Украіне. У 2018 годзе ён прынёс прысягу і пачаў служыць у 36-й брыгадзе марской пяхоты. Увесну маладыя людзі планавалі ўзяць шлюб, але пасля расійскага ўварвання дзяўчына эвакуявалася ў Венгрыю, а яе жаніх застаўся ваяваць і трапіў у рукі расіян.

Разам з Эсліным у палоне апынуўся ягоны сябар, 48-гадовы былы брытанскі ваенны Шон Пінэр. Пасля войска Пінэр працаваў у сферы ўтылізацыі адходаў у Вялікабрытаніі, але яму гэта надакучыла, і ў 2018 годзе, як і Эслін, ён афіцыйна далучыўся да ўкраінскай арміі і служыў у 36-й брыгадзе марской пяхоты. Пінэра затрымалі на Марыупальскім металургічным камбінаце імя Ільіча. Пінэр жанаты з украінкай.

«Мой дом — гэта Марыупаль, таму зараз я фактычна абараняю свой горад і сваю сям'ю», — казаў ваенны ў студзені, за месяц да расійскага ўварвання.

21-гадовы грамадзянін Марока Саадун Брагім 12 сакавіка здаўся ў палон у Валнавасе. Ён пераехаў у Палтаву ў 2019 годзе. Год вывучаў украінскую мову, а затым паступіў на факультэт аэрадынамічных і касмічных тэхналогій Кіеўскага політэхнічнага інстытута. Аднак у выніку ён пакінуў вучобу, у 2021 годзе заключыў трохгадовы кантракт з украінскай арміяй і па рэкамендацыі брытанца Эсліна трапіў у 36-ю брыгаду марской пяхоты.

Гэтыя людзі не прыехалі ва Украіну на вайну, а даўно там жылі і пайшлі ў армію ў адпаведнасці з законамі Украіны. Трактаваць іх як наёмнікаў — гэта ўсё адно што трактаваць як наёмнікаў усіх вайскоўцаў, старэйшых за 40 гадоў або брунэтаў.

Навошта Расіі гэты паказальны працэс?

Ветэран расійска-ўкраінскай вайны Станіслаў Бязушка мяркуе, што расіяне ў першую чаргу працуюць на ўласнае інфармацыйнае поле. 

«Яны, расійская прапаганда, пастаянна заяўлялі пра наёмнікаў. Гэтыя людзі — першыя замежнікі, які трапілі да іх у палон. Хаця яны не з’яўляюцца наёмнікамі, а вайскоўцамі Узброеных сіл Украіны. Але для ўнутранай расійскай аўдыторыі іх падаюць наёмнікамі. Маўляў, сапраўдны ўкраінскі народ, нібыта, не хоча ні з кім ваяваць, ваююць толькі наёмнікі і нацысты».

Таксама спадар Бязушка мяркуе, што гэты «суд» — інструмент ціску на Вялікабрытанію і яе электарат. 

«Двое з «асуджаных» — грамадзяне Вялікабрытаніі. Яны ціснуць на Брытанію, каб яна займала больш стрыманыя пазіцыі ў падтрымцы Украіны», — мяркуе эксперт. 

Трэці момант — пагроза Украіне.

«Ёсць пэўныя дамоўленасці адносна тых абаронцаў з «Азоўсталі», якія выйшлі адтуль і зараз знаходзяцца на тэрыторыі так званых «ДНР» і «ЛНР». Яны пастаянна крычаць пра тое, што трэба асудзіць азоўцаў, што трэба іх расстраляць. Для таргоў цяпер выкарыстоўваюць грамадзян іншых краін, каб паказаць: глядзіце, мы рэальна выпускаем тыя ці іншыя рашэнні «суддзяў» і гатовыя іх выканаць», — кажа Станіслаў Бязушка.

Публіцыст звярае ўвагу, што ў замежнікаў ёсць месяц на тое, каб падаць «скаргу». 

«Гэта яны, расіяне, таксама будуць таксама выкарыстоўваць у сваіх таргах з Украінай і іншымі дзяржавамі. Маўляў, мы гатовыя даць ім замест смяротнага пакарання 25 гадоў, а потым уключыць іх у спіс на абмен, але вы павінны пайсці нам на ўступкі», — мяркуе журналіст. 

Ці можа здарыцца такая сітуацыя з беларускімі добраахвотнікамі?

Украінскі журналіст і экс-удзельнік вайны мяркуе, што з беларусамі наўрад ці падобны «суд» і сітуацыя магчымы, нават калі яны трапяць у палон.

«Я думаю, іх адразу перададуць да лукашэнкаўскіх сілавікоў, каб Лукашэнка зрабіў паказальны суд. Ён бы дакладна хацеў бы такіх атрымаць, каб зрабіць паказальную справу і паказаць, што тыя людзі, якія паехалі ва Украіну ваяваць, потым тут у нас, у Беларусі, хацелі такое зрабіць», — кажа журналіст. 

Спадар Бязушка ўпэўнены, што колькасць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, пужае Лукашэнку, бо яны — падрыхтаваныя байцы, на ўзроўні беларускага спецназа, альбо нават лепшым. 

Nashaniva.com