Мінюст пазбавіў Максіма Знака адвакацкай ліцэнзіі

Адвакат Максім Знак, якога асудзілі на дзесяць гадоў турмы, учора, 8 чэрвеня быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.

09.06.2022 / 12:21

У заяве Міністэрства юстыцыі сказана, што Максіма Знака пазбавілі ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць у сувязі з выключэннем з Мінскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама з-за таго, што ўступіў у законную сілу прыгавор суда аб прызнанні Знака вінаватым у здзяйсненні наўмыснага злачынства.

Адвакат Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «заклікі нашкодзіць бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змову з мэтай захопу ўлады» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання». А пачалося ўсё з таго, што ён далучыўся да штаба Віктара Бабарыкі і пасля затрымання кандыдата прадстаўляў яго інтарэсы ў Цэнтрвыбаркаме.

Пасля выбараў Знак, як і Марыя Калеснікава, увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады.

Цяпер ён знаходзіцца ў калоніі №3, што ў гарадскім пасёлку Віцьба.

Nashaniva.com