Каардынатарку «Лятучага ўніверсітэта» Таццяну Вадалажскую асудзілі да 2,5 года «хіміі» і адпусцілі ў зале суда
07.06.2022 / 17:07
У судзе Заводскага раёна Мінска быў вынесены прысуд палітзняволенай Таццяне Вадалажскай, якую абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Суддзя Алег Каляда прысудзіў Вадалажскай абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады. Менавіта такі тэрмін і запрасіла дзяржабвінавачванне. Таццяну вызвалілі ў зале суда, піша «Вясна».
Падчас судовага пасяджэння Таццяна ўтрымлівалася ў кайданках.
Таццяна Вадалажская — метадолаг і сацыёлаг, паплечніца Уладзіміра Мацкевіча, была экспертам Агенцтва гуманітарных тэхналогій і каардынатарам праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт».
Упершыню Вадалажская была затрыманая 4 жніўня 2021 года. Тады яна правяла 10 сутак на Акрэсціна, пасля чаго яе адпусцілі ў статусе падазраванай па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На працягу ўсяго гэтага часу Таццяну некалькі разоў выклікалі на допыты ў Следчы камітэт.
У сярэдзіне сакавіка Таццяна падала хадайніцтва ў СК з просьбай аб дазволе выехаць у Літву на лячэнне. 23 сакавіка яна пайшла за адказам на сваё хадайніцтва ў СК, але там ёй была паказаная пастанова аб заключэнні пад варту.