Вера Брэжнева больш не вернецца ў Расію
Пра планы спявачкі родам з Украіны, якая зрабіла паспяховую кар'еру ў Расіі, але пасля пачатку вайны асудзіла расійскую агрэсію і выехала валанцёрыць у Польшчу, расказала былая PR-дырэктарка Брэжневай Анастасія Драпека.
03.06.2022 / 20:02
Анастасія Драпека паведаміла пра разрыў супрацоўніцтва з артысткай, якая асудзіла «спецаперацыю» РФ ва Украіне. І заявіла, што Брэжнева больш не вернецца ў Расію. Пра гэта Драпека расказала журналісту выдання NEWS.ru на VIII кніжным фестывалі «Красная плошча», дзе прачытала лекцыю пра мастацтва публічных выступаў.
Раней паведамлялася, што з Верай Брэжневай з-за яе пазіцыі па вайне ва Украіне адмовіліся працаваць многія расійскія кампаніі. Артыстка пазбавілася рэкламных кантрактаў, ганарараў, карпаратываў, гастроляў у Расіі, дзе яна працавала большую частку часу.
Пра ад'езд Веры Брэжневай з Расіі стала вядома 21 сакавіка, калі ў яе сацсетках з'явілася інфармацыя, што артыстка наважыла заняцца валанцёрскай дзейнасцю ў Польшчы. Былая ўдзельніца групы «ВІА Гра» апублікавала некалькі відэа са склада ў Любліне, дзе размяркоўваецца гуманітарная дапамога для ўкраінцаў.