Крыж на магіле Барыса Кіта, пашкоджаны бурай, аднавілі
На могілках праваслаўнай царквы Святой Лізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне ўпарадкавалі магілу беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Барыса Кіта, які памёр ў 2018 годзе, і аднавілі крыж на ёй, піша «Радыё Свабода».
03.06.2022 / 16:48
«У Вісбадэне была бура, на праваслаўных могілках дрэва ўпала на магілу Барыса Кіта і на суседнюю, паламала два крыжы, у тым ліку яго драўляны і суседні, каменны. Дрэва спілавалі, а крыж Кіта мы адрамантавалі і паставілі на месца», — расказаў «Свабодзе» мясцовы жыхар, які дапамог упарадкаваць магілы Барыса Кіта і ягонай жонкі Тамары Казевіч.
Магіла Барыса Кіта і Тамары Казевіч, Вісбадэн, Нямеччына, 3 чэрвеня 2022 года
Магілы Барыса Кіта і Тамары Казевіч раней упарадкавалі за кошт дачкі Тамары Ірэны і ўнука Аляксандра. Яны ж паставілі каменны помнік Тамары. А на магілу Барысу Кіту ягоныя землякі з Гродзеншчыны зрабілі металічны крыж, які па форме нагадвае крыж святой Еўфрасінні. Такі ж крыж стаіць на магіле маці Барыса Кіта ў Карэлічах. Гэты крыж даставілі з Беларусі ў Беласток, адтуль прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы збіраюцца прывезці яго ў Вісбадэн.
У сувязі з пандэміяй каранавіруса гэта зацягнулася, але актывісты збіраюцца даставіць і ўсталяваць новы крыж цягам 2022 года.
Крыж, паламаны бурай