Лукашэнка: Прыватнай медыцыны я ўжо наеўся
Аляксандр Лукашэнка сёння бярэ ўдзел у адкрыцці новага будынка 9-й дзіцячай гарадской паліклінікі. Там ён зрабіў некалькі заяваў.
03.06.2022 / 10:37
Фота: БелТА
Лукашэнка падкрэсліў, што «будзе рабіць усё, каб развіваць найперш дзяржаўную ахову здароўя. «Прыватнай я ўжо наеўся», — сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што ў краіне цяпер пачалі актыўна аналізаваць працу прыватных медыцынскіх цэнтраў. «Вельмі жорстка кантралюем. Не таму, што мне не падабаюцца прыватныя прадпрыемствы, у тым ліку аховы здароўя. Не. А таму што трэба працаваць сумленна. І на здароўі людзей зарабляць ніхто не будзе. Мы будуем сацыяльную дзяржаву, а гэта перш за ўсё клопат пра людзей», — падкрэсліў ён.
Таксама Лукашэнка адзначыў, што дзяржава будзе рабіць усё, каб медыкі годна жылі і зараблялі.
«У гэтую пару шалёных санкцый усе крычалі: «ахову здароўя чапаць не будзем!» Ні чорта падобнага. Ім пляваць на нашых людзей. У цэлым мы спраўляемся. Справімся. Абыдземся і без іх. Ёсць прадпрыемствы, дзе мы можам закупляць патрэбную нам тэхніку, запасныя часткі. Як бачыце, праблем шмат, але тым не менш мы рашэнне ніводнай задачы не прыпынілі. І сведчаннем таму з'яўляецца гэты будынак».
Закрануў Лукашэнка і бягучую сітуацыю.
«Галоўнае — не перакуліць краіну. А ўсё астатняе — паліклінікі, стадыёны — мы пабудуем. Мы будзем рабіць усё, каб зберагчы нашых дзетак. (…) У беларускай дзяржаве важна не дапусціць дэстабілізацыі, а ўсё астатняе прыкладзецца», — сказаў Лукашэнка.
«Тое, што мы, сціснуўшы зубы, гэтыя два гады пасля выбараў цярпелі, стараліся наладзіць сваё жыццё, гэта абарочваецца цярпімым жыццём. Дай бог, каб і далей так было», — дадаў Лукашэнка.