«Зніжка ад Лукашэнкі». Колькі цяпер каштуюць новыя Geely?
На нядаўняй нарадзе па сацыяльна-эканамічных пытаннях Аляксандр Лукашэнка абурыўся цэнамі на аўтамабілі Geely. Ужо на наступны дзень цэны «адкруцілі». Параўналі, колькі Geely каштавалі да разносу ад Лукашэнкі, а колькі цяпер.
02.06.2022 / 13:57
Фота: geely.by
Па тое, што цана на машыны ўпала на 15%, дзяржаўныя каналы паведамілі ўчора.
Калі мы ўвечары патэлефанавалі ў адзін з цэнтраў продажаў, там, падобна, былі разгубленыя. На пытанне пра цану не ведалі, што адказаць, і прасілі павісець на провадзе.
Цэны на сайтах памянялі толькі сёння.
«Спецыяльная прапанова на ўвесь мадэльны шэраг», — анансуюць дылерскія цэнтры.
Трэба сказаць, што беларуска-кітайскія аўтамабілі маркі Geely першапачаткова не з'яўляюцца танным таварам, прынамсі, тыя мадэлі, што ёсць на бягучы момант у продажы. На выбар прапануюць тры паркетнікі.
Цэны на Geely да зніжэння
Самы танны з іх — Coolray. Да нядаўняга часу цэны на яго пачыналіся з адзнакі 74300 рублёў (каля 28575$). Пасля анансаванага патаннення Coolray каштуе ад 62815 рублёў (каля 24150$). Як бачым, аўтамабіль скінуў у цане адразу 15,4%.
Наступным ідзе Geely Atlas Pro, да нарады яго прадавалі па цане ад 87400 рублёў (каля 33600$). Цяпер пазадарожнік у самай простай камплектацыі каштуе 74950 рублёў (каля 28800$). Гэта таксама мінус 15,4% ад папярэдняй цаны.
Самая дарагая з мадэляў Geely, якія ёсць у продажы ў Беларусі, — Tugella. Раней яна была даступная па цэнах ад 108800 рублёў (каля 41850$). З дысконтам прадаюць па 92140 рублёў (каля 34400$).
Новыя цэны на Geely
Аднак дысконт не адмяняе таго, што цэны на беларуска-кітайскія аўто ўсё адно далёкія ад «народных». Бо самая танная з іх каштуе ад 24 тысячы даляраў.