Адпачынак на Браслаўскіх азёрах. Колькі ў гэтым сезоне каштуе зняць пакой, дом ці заняць месца на турстаянцы
Азёры ў Браслаўскім раёне — адно з самых папулярных месцаў адпачынку. «Камсамолка» даведалася, колькі сёння каштуе адпачынак там.
27.05.2022 / 14:49
Як у горадзе
На тэрыторыі нацыянальнага парка ёсць чатыры базы адпачынку і Дом рыбака.
На найбуйнейшай базе стаяць тры корпусы ў некалькі паверхаў, дзе можна жыць як у гасцініцы, харчавацца ў рэстаране, хадзіць у аздараўленчы комплекс, а на базах паменей — адпачынак як у вёсцы — у катэджах рознага памеру.
Калі выбіраць гасцінічнае жыццё ў карпусах, то кошт пражывання ў двухпакаёвых нумарах такі: 1 чалавек — ад 90 рублёў, 2 чалавекі — 120, дадатковае месца — 50. Аднапакаёвы 2-мясцовы нумар: 1 чал — 50 рублёў, два — 90.
За дадатковую плату прапануюць экскурсіі, паляванне і рыбалку, водныя прагулкі і іншыя забавы. Але варта ўлічыць, што заяўкі на браніраванне прымаюцца з умовай выбару поўнага пансіёну або двух элементаў харчавання на выбар. Поўны пансіён — 40 рублёў. Сняданак — 9,55 руб., абед — 15,75 руб., вячэра — 14,70 руб.
На базах адпачынку з катэджамі кошт за дом — ад 63 да 350 рублёў. Напрыклад, домік на 60 квадратаў (з усімі выгодамі і камінам), разлічаны на шэсць чалавек, абыдзецца ў 280 рублёў за суткі. Двухпавярховы катэдж — 340-350 рублёў. Невялікія домікі на дваіх — ад 63 да 150 рублёў. На асобных базах можна зняць і нумар у катэджы. З харчаваннем тая ж гісторыя.
Як у вёсцы
На Браслаўскіх азёрах у розных населеных пунктах ёсць сядзібы і катэджы, якія прыватнікі прапануюць здымаць пасутачна. Аб'яў на розных інтэрнэт-пляцоўках дастаткова. Але чым бліжэй да лета, тым складаней выбраць дату.
Кошт залежыць ад умяшчальнасці і камфорту дома. Напрыклад, можна зняць катэдж на беразе возера за 350 рублёў за суткі, дзе будуць усе выгоды (інтэрнэт, тэлевізар, гарачая вада і падобнае), а жыць там могуць дзесяць чалавек.
Ёсць і вялікія комплексы, дзе ў хатках і пакоях могуць адначасова жыць да 80 чалавек. Там нумары (без кухні) на 2-4 чалавек каштуюць 100-120 рублёў, а трохпакаёвыя дамкі — ад 150 рублёў. Можна замовіць трохразовае харчаванне за 36 рублёў на чалавека.
У адным з гасцявых дамоў прапануюць 11 нумароў, разлічаных на 3-4 чалавек. Кошт нумара — ад 160 да 230 рублёў за суткі без харчавання. Але ёсць кухні, дзе можна гатаваць самім. Не хочаце гатаваць — у будныя дні прывязуць комплексны абед за сем рублёў.
У палатках
Але тысячы людзей, якія едуць на Браславы, хочуць жыць не ў горадзе, а як сапраўдныя турысты — у палатках, а гатаваць у кацялку на вогнішчы.
На тэрыторыі нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» абсталявана восем турыстычных стаянак агульнага тыпу. Яны размешчаныя побач з азёрамі і абсталяваныя навесамі (альтанкамі), вогнішчамі, смеццязборнікамі, туалетамі.
Плата за аднаго чалавека — ад 5 да 9 рублёў за суткі.
Машыну можна паставіць побач, але не бліжэй за 30 метраў ад берага.
Для лоўлі рыбы трэба купіць пуцёўку. За межамі стаянак, разбіваць лагеры нельга. Дровы можна прывезці з сабой, а можна купіць на месцы. Але забраніраваць загадзя такую стаянку нельга.
Прапануюць і заказныя турыстычныя стаянкі (іх 67): ад 40 да 100 рублёў за суткі. Кошт залежыць ад абсталявання і плошчы.