Уладзімір Пыльчанка: Эдуард Бабарыка можа правесці чарговыя паўтара года ў СІЗА

Эдуард Бабарыка займаўся бізнэсам, быў заснавальнікам краўдфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнікам пляцоўкі «MolaMola». Кіраваў перадвыбарным штабам Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах. Эдуард бесперапынна ўтрымліваецца пад вартай без суда ўжо больш за 23 месяцы. Яго затрымалі разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года. 20 мая ў судзе Партызанскага раёна Мінска суддзя Міхаіл Макарэвіч разгледзеў скаргу на чарговае працягненне Эдуарду Бабарыку тэрміну ўтрымання пад вартай.

27.05.2022 / 11:44

Каля двух гадоў знаходзіцца ў СІЗА сын прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі

— Першая інстанцыя пакінула скаргу без задавальнення, пададзеная скарга ў другую інстанцыю, — распавёў «Народнай волі» адвакат Уладзімір Пыльчанка.

— Ці варта чакаць станоўчага выніку для Эдуарда?

— Станоўчага выніку, мяркую, у найбліжэйшы час мы не дачакаемся. Эдуард таксама не мае ілюзій. Тым не менш гэта яго прынцыповая пазіцыя — абскарджваць кожнае рашэнне аб утрыманні пад вартай, паколькі такія рашэнні, ён лічыць, беспадстаўныя і незаконныя.

— Няўжо такая сітуацыя адпавядае заканадаўству?

— Па-першае, адзначу, што ўтрыманне пад вартай павінна прымяняцца толькі ў выключных выпадках, бо ўмовы знаходжання там адпавядаюць турэмнаму рэжыму — то бок найбольш строгаму пакаранню. Таму адзін дзень утрымання чалавека ў СІЗА залічваецца за паўтара і нават за два дні адбывання пакарання ў папраўчай калоніі (за некаторымі выключэннямі).

Па-другое, утрыманне чалавека пад вартай павінна быць выкліканае неабходнасцю бесперашкоднага збору доказаў для расследавання. Гэта значыць, што чалавека ізалююць толькі з мэтай, каб ён не фальсіфікаваў доказы, не аказваў незаконнага ўздзеяння на сведак, не здзейсніў злачынства на волі і гэтак далей. Як толькі доказы сабраныя — а значыць, адпалі падставы для ўтрымання пад вартай, — чалавека павінны адпусціць на волю, замяніўшы меру стрымання ці цалкам адмяніўшы яе.

Па-трэцяе, у выпадку з Эдуардам максімальны тэрмін знаходжання пад вартай на стадыі следства не можа перавышаць 18 месяцаў, пасля чаго мера стрымання змяняецца.

— І якім чынам атрымалася, што Эдуард Бабарыка ўжо амаль два гады знаходзіцца ў СІЗА?

— Вядома, што першапачаткова крымінальную справу ў дачыненні да яго вёў КДБ, у следчым ізалятары якога Эдуард знаходзіўся каля 17 месяцаў, а ў лістападзе 2021 года быў пераведзены ў СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага. Эдуарду рэгулярна, амаль кожныя два месяцы, працягваўся тэрмін утрымання пад вартай. Але калі 18-месячны тэрмін утрымання падыходзіў да завяршэння, па дзівосным супадзенні іншы орган крымінальнага пераследу — Следчы камітэт — прыйшоў да высновы, што Эдуард здзейсніў іншыя злачынствы па іншых артыкулах. Адпаведна, яго зноў змясцілі пад варту (фізічна з-пад варты ён і не вызваляўся), але гэта зрабіў іншы орган па іншай справе.

Цяпер у выніку такога «элегантнага» манеўра цалкам верагодна, што Эдуард можа заставацца ў СІЗА яшчэ 18 месяцаў цягам расследавання, якое вядзе ўжо Следчы камітэт.

— Як Эдуард псіхалагічна і фізічна спраўляецца з такімі выпрабаваннямі? У якім ён стане сёння, чым займаецца?

— Ён у парадку — спакойны і разважлівы. Не сумняваецца, што ў перспектыве ўсё будзе добра. У яго цяпер шчыльны графік, час не марнуе, выкарыстоўвае ўсе магчымасці для самаўдасканалення.

Шмат чытае — і кнігі, і перыёдыку. Мае магчымасць атрымліваць актуальныя навіны.

З сакамернікамі дзеліцца ведамі па ядзернай фізіцы і іншых навуковых галінах. Займаецца фізічнымі практыкаваннямі, ёгай. Амаль садзіцца на шпагат, што, дарэчы, карыснае ўменне. Неяк ён нават выказаўся, што ўспрымае сваю камеру хутчэй як акадэмію, дзе развіваюцца розум, дух і цела.

— Праблем з ліставаннем няма?

 Лісты ад сяброў і незнаёмых даходзяць вельмі рэдка, але Эдуард заўсёды адказвае ўсім.

— Колькі яшчэ тэарэтычна ён можа заставацца за кратамі да прысуду?

— Каля паўгода таму можна было меркаваць пра хуткае вызваленне, але атрымалася так, што Эдуард можа правесці чарговыя паўтара года ў СІЗА без прад’яўлення канчатковага абвінавачання і разгляду справы.

З гэтай прычыны мне цяжка прагназаваць нейкія тэрміны. Тым не менш, я ўпэўнены, што рана ці позна ўсе абвінавачанні з Эдуарда будуць знятыя.

Nashaniva.com