«Прыйшлі да маіх бацькоў, затрымалі знаёмага». Блогер Андрэй Павук распавёў падрабязнасці ранішніх ператрусаў
Раніцай 26 мая супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам у беларускую кватэру блогера Андрэя Павука і ягонай былой жонкі Вольгі ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Акрамя таго, ператрусы прайшлі ў кватэры бацькоў блогера і ягонай жонкі. Пра гэта ён распавёў у сваім блогу «Рудабельская паказуха», а таксама стаў тэлефанаваць у міліцыю, каб расказаць, што грамяць яго кватэру.
26.05.2022 / 18:02
«Да нас у Акцябрскі прыехалі невядомыя людзі на бусе, і сталі рабаваць нашу кватэру. Забралі знаёмага з Акцябрскага ў межах нейкай крымінальнай справы. Як я зразумеў «за зносіны з намі», — апісаў сітуацыю Павук.
Па словах блогера, ператрусы прайшлі таксама ў бацькоў яго былой жонкі і яго бацькоў. Але нікога не затрымалі.
Пасля гэтага Андрэй Павук некалькі разоў патэлефанаваў у міліцыю розным супрацоўнікам, паведамляючы, што невядомыя грамяць яго кватэру.
Прыводзім некаторыя дыялогі.
— Добры дзень, дзяжурны, гэта вас непакоіць Андрэй Павук: ёсць інфармацыя, што зараз грамяць нашу кватэру, па вуліцы Савецкай.
Паклалі слухаўку.
— Добры дзень. Гэта Андрэй Павук, вы мяне ведаеце.
— А чаму вы ў пашпартны тэлефануеце? А не дзяжурнаму?
— Дык перадайце ім, што грамяць кватэру, хай выйдуць правераць, што нейкі бус прыехаў сіні.
— Добра. Я зразумела. Я іду, я скажу ім.
— Добры дзень. У нашу кватэру праніклі невядомыя людзі і грамяць яе.
— Адрас.
— Гомельская вобласць. Гарадскі пасёлак Акцябрскі, вуліца Савецкая, 66.
— Прозвішча?
— Павук Андрэй Уладзіміравіч
— Кантактны тэлефон?
— Я зараз у Літве, вы са мной не звяжацеся.
— А адкуль у вас інфармацыя, што там адбываецца?
— Ёсць інфармацыя, не магу сказаць, ад каго.
— Хто вам паведаміў і адкуль у вас такая інфармацыя, што там адбываецца? Дык нехта жыве ў вас?
— З суседняга дома мне паведамілі. Там ніхто не пражывае.
— Гэта значыць, праніклі невядомыя, і што робяць?
— Грамяць усё там, ламаюць.
— А што значыць «грамяць, ламаюць», маёмасць?
— Так, б'юць там усё.
— Суседзяў кантактны тэлефон, хто патэлефанаваў?
— Не магу сказаць.
— Аператыўная дзяжурная служба. Добры дзень.
— Добры дзень! Я толькі што вам званіў. У нас кватэру разносяць невядомыя людзі. Уламіліся. Направілі ўжо? Дзякуй ужо.
— Акцябрскі РАУС. Дзяжурны.
— У нашу кватэру ўламіліся невядомыя.
— Ёсць парадак, не начальніку званіць, каб нейкія прывілеі, а ёсць 102 лінія, набіраеце і паведамляеце аб нейкіх здарэннях, а ніяк па-іншаму.
— Руслан Іванавіч (Руслан Задарожны — начальнік аддзела РАУС). Што вы сабе дазваляеце?
Размовы з астатнімі міліцэйскімі начальнікамі і супрацоўнікамі адбыліся ў такім жа ключы. Датэлефанаваўся ён нават у СК, дзе не зразумелі, навошта ён ім тэлефануе.
Нагадаем, раніцай 26 мая ў вёсцы Страдзічы пад Брэстам затрымалі бацькоў вядомай беларускай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што іх затрымалі «за непадпарадкаванне»: нібыта не хацелі адчыняць дзверы сілавікам. Пазней стала вядома, што іх пакаралі вялікім штрафам.