«Выводзілі з хаты ў наручніках». Затрымлівалі і аштрафавалі бацькоў спявачкі Маргарыты Ляўчук
абноўлена
Ранкам былі затрыманыя бацькі вядомай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Гэта адбылося ў яе роднай вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла сама Маргарыта.
26.05.2022 / 12:47
Маргарыта Ляўчук з маці Аленай. Скрын з відэа
«Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў наручніках», — сказала спявачка.
Хто затрымліваў Алену і Аляксандра Леўчукоў пакуль невядома.
Аднак пазней выяснілася, што іх паспелі асудзіць за «непадпарадкаванне міліцыі»: яны атрымалі штраф, які эквівалентны $4000.
Сёння таксама стала вядома пра ператрус у беларускай кватэры Вольгі і Андрэя Павукоў. Павук акампаніруе Ляўчук падчас яе выступаў, яны разам складаюць калектыў «Красная зелень», які спявае вострую палітычную сатыру.
У лютым 2022 года стала вядома, што Ляўчук абвясцілі ў вышук як абвінавачаную па справе пра «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Таксама ў вышук трапіў яе партнёр па дуэце «Красная зелень», блогер Андрэй Павук.
Справа супраць Ляўчук была заведзеная ў чэрвені 2021 года за «абразлівыя і блюзнерскія дзеянні ў дачыненні да дзяржаўнай сімволікі». Гаворка была пра адзін з відэаролікаў калектыву.
Усяго ў Беларусі па палітычных матывах з 2020 года затрымалі больш за 45 тысяч чалавек, заведзена больш за 10 тысяч крымінальных спраў палітычнага характару.
Маргарыта Ляўчук з татам Аляксандрам. Фота: margarita.levchuk.official / Instagram
32-гадовую Маргарыту Ляўчук у 2020 годзе звольнілі з Опернага тэатра за яе грамадскую пазіцыю. 39-гадовы Андрэй Павук прыйшоў у блогерства, жывучы ў мястэчку Акцябрскі Гомельскай вобласці.
Як блогер, ён здабыў папулярнасць дзёрзкімі тэлефанаваннямі чыноўнікам, сілавікам і суддзям, якія былі ўцягнутыя ў палітычныя рэпрэсіі ці адзначыліся скандальнымі заявамі.
У 2020 годзе Маргарыта Ляўчук запісала разам з маці Аленай народную песню.