Апублікаванае відэа, як людзі ў вайсковай форме збіваюць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы

Польскі журналіст Пётр Чабан апублікаваў відэа, на якім бачна, як людзі ў вайсковай форме збіваюць мігрантаў на беларуска-польскай граніцы. 

26.05.2022 / 11:03

Чабан сцвярджае, што відэа было знятае некалькі дзён таму, і што перад тым, як нелегалаў з Кубы пабілі беларускія сілавікі, іх выштурхнулі з тэрыторыі Польшчы.

Пазней Дзяржаўны памежны камітэт пацвердзіў наяўнасць выпадку.

Як паведамляе ДПК, мігранты, узброеныя палкамі і пярцовым балончыкам, аказалі супраціў беларускім сілавікам і былі затрыманыя з ужываннем фізічнай сілы.

«Пры гэтым з польскага боку для асляплення беларускіх праваахоўнікаў, якія прыбылі для спынення спробы прарыву, ужываліся страбаскопы. У існуючых умовах, а таксама ў сувязі з тым, што з боку іншаземцаў, якія выцясняліся з польскага боку, быў аказаны супраціў, у тым ліку з выкарыстаннем камянёў, палак і пярцовага балончыка, падчас затрымання была ўжытая фізічная сіла», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.

Затрыманых даставілі ў аддзел памежнай службы для разбору. Яны распавялі, што польскія сілавікі прывезлі іх да беларускай мяжы, «далі палкі і балончыкі з пярцовым газам, а таксама праінструктавалі пра спосабы іх прымянення супраць беларускіх вайскоўцаў», паведамляе ДПК.

Беларускі бок лічыць, што такія дзеянні «прама паказваюць на наўмыснае стварэнне правакацыйнай сітуацыі з мэтай дыскрэдытацыі дзеянняў беларускіх вайскоўцаў».

Nashaniva.com