«Лада» адновіць выхад. Будзе без АБС, падушак бяспекі і шклопад‘ёмнікаў
Першай мадэллю «Аўтаваза», выпушчанай пасля доўгага прастою, стане Lada Granta ў спрошчанай версіі. З-за заходніх санкцыі яе будуць выпускаць без сучасных сродкаў бяспекі. Паступленне машыны ў салоны чакаецца ў другой палове чэрвеня, расказалі аўтадылеры.
24.05.2022 / 18:57
Фота Максіма Стулава
Па словах старшыні савета дырэктараў «БН-Мотарс» Аляксея Падшчаколдзіна, дакладнай інфармацыі пра камплектацыі аўтамабіля пакуль што няма.
Хутчэй за ўсё, гэтыя машыны будуць прапаноўвацца без ABS (антыблакіровачнай сістэмы тармазоў), трывожнай кнопкі ЭРА-ГЛОНАСС, падушак бяспекі і электрычных шклопад'ёмнікаў, мяркуе ён.
Аўтаканцэрн «АўтаВАЗ» амаль без перапынку знаходзіцца ў прастоі з-за дэфіцыту кампанентаў з 4 красавіка. Тады «АўтаВАЗ» сышоў на тры тыдні ў карпаратыўны адпачынак. Затым, пазбіраўшы машыны некалькі дзён, спыніў вытворчасць на майскія святы, але і пасля доўгіх выходных не змог паўнавартасна перазапусціць канвееры. Бягучы прастой дзейнічае на заводзе да 27 мая.
Усё гэта звязана з заходнімі санкцыямі, накладзенымі на Расію за напад на Украіну.