Навукоўцы перажываюць з-за воспы малпаў. І вось чаму

Навуковы часопіс Nature запытаўся пра воспу малпаў не ў дактароў, а ў навукоўцаў. Яны занепакоеныя.

24.05.2022 / 21:41

Мапа распаўсюду воспы малпаў. Крыніца: wikipedia.org

Воспа малпаў — гэта адзін з падвідаў воспы, якая лічылася пераможанай. Але раптам па ўсім заходнім свеце былі выяўленыя ўжо больш за паўтары сотні пацверджаных і сотня падазрэнняў у 19 розных не-афрыканскіх краінах. Гэта турбуе навукоўцаў, хоць пакуль яны і не надта панікуюць.

Заходні штам віруса мае параўнальна нізкую смяротнасць, каля аднаго працэнту сярод беднага сельскага насельніцтва. Але наколькі дакладна штам, які выклікае цяперашнія ўспышкі, адрозніваецца ад штаму ў Заходняй Афрыцы, і ці звязаныя выпадкі, якія ўзнікаюць у розных краінах, адзін з адным, застаецца невядомым.

Таксама невядома, як менавіта распаўсюджваецца вірус. Ён не перадаецца ад чалавека да чалавека так лёгка, як вірус COVID-19, але да канца не зразумела, якім менавіта чынам ён здолеў распаўсюдзіцца так шырока.

Выяўленне воспы малпаў у людзей, якія не маюць відавочнай сувязі адзін з адным, дазваляе меркаваць, што вірус, магчыма, распаўсюджваўся непрыкметна, кажа Андрэа Маколум, эпідэміёлаг, якая ўзначальвае групу па барацьбе з вірусам у цэнтрах па кантролі і прафілактыцы захворвання у горадзе Атланта (ЗША). Маколум кажа, што такая магчымасць «вельмі трывожыць», бо калі гэта акажацца праўдай, то адсачыць вірус будзе вельмі складана.

Яшчэ адна загадка для навукоўцаў у тым, чаму воспа на захадзе распаўсюдзілася ў асноўным у шэрагах геяў і слаба закранула іншыя групы. Вядома, геі цесна кантактуюць між сабой, але незразумела, як яны здолелі заразіць іншых і якім шляхам хвароба перадавалася сярод іх.

Але ёсць і прычыны для аптымізму: у апошнія шмат гадоў не здаралася вялікіх эпідэміяў воспы, а краіны даўно з імі сутыкаюцца і ведаюць, як іх лячыць. Маколум спадзяецца, што з-за асаблівасцяў будовы вірусаў воспы нічога, акрамя кальцавой вакцынацыі, калі вакцынуюцца толькі групы рызыкі і кантакты захварэлых, нам не спатрэбіцца.

Чытайце таксама:

Воспа малпаў у Еўропе. Ці пагражае нам чарговая эпідэмія?

Nashaniva.com