Адвакат, былы знаток «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў: «Я больш не расійскі юрыст. Я ўкраінец»

Былы знаўца «Што? Дзе? Калі?» і адвакат, які абараняў Надзею Саўчанка, сёння Новікаў са зброяй у руках абараняе Кіеў. З 2021 года ён жыве і працуе ва Украіне, а пасля пачатку вайны ўступіў у шэрагі тэрытарыяльнай абароны ўкраінскай сталіцы.

24.05.2022 / 10:38

Ілля Новікаў

«Наша Ніва» звярнулася да яго, каб пагаварыць пра тое, што можа чакаць параненых байцоў славутага палка» Азоў», якіх расійскія войскі вывезлі на аўтобусах на падкантрольныя Расіі тэрыторыі. У РФ пракуратура просіць прызнаць полк «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй, Вярхоўны суд разгледзіць справу 26 мая. Але для чаго гэта будзе зроблена? І што тады будзе з байцамі «Азова»?

«Тое, што адбываецца на «Азоўсталі», гэта не эвакуацыя — людзей проста бяруць у палон, — тлумачыць Новікаў. — Прычым, нават гэта будзе не зусім дакладнай фармулёўкай.

Людзей бяруць у палон з пункту гледжання таго, што Расія абавязаная рабіць, але, паколькі Расія не прытрымліваецца канвенцыйнага права з нагоды абыходжання з палоннымі, то, калі вас цікавіць сутнасць, а не назва, скажу так: людзей з «Азоўсталі» проста бяруць у закладнікі. Без якіх-небудзь гарантый».

Але ў Расіі ўжо абвясцілі, што «Азоў» у хуткім часе прызнаюць тэрарыстычнай арганізацыяй. Што тады будзе з байцамі? Іх будуць паказальна судзіць?

«Вы так кажаце, нібы ўсё будзе адбывацца ў адпаведнасці з законам. Расія проста атрымала гэтых людзей у сваё распараджэнне. Адзін са спосабаў, як іх могуць выкарыстоўваць, акрамя таго, што будуць проста таргавацца і мяняць на кагосьці, — гэта ладзіць паказальныя суды. Для гэтага наогул не мае значэння, ці будуць іх кімсьці прызнаваць або мяняць закон.

Могуць хоць заявіць, што салдаты дзяцей елі на «Азоўсталі» — усё ў роўнай ступені лёгка пройдзе праз расійскі суд, — кажа Новікаў. — Таму мне вельмі не падабаецца, калі пра гэтую сітуацыю кажуць так, нібы ў ёй ёсць нейкае прававое вымярэнне. У ёй прававога вымярэння папросту няма. Пастановачны суд — гэта не прававое вымярэнне.

Адрозненне ад папярэдніх гадоў у тым, што, з аднаго боку, Расія цяпер менш адчувальная да міжнароднага ціску: наўрад ці санкцыі праз адзін працэс прыкметна павялічацца на фоне таго, як яны і так павялічваюцца з кожным тыднем праз вайну.

Таму калі такі суд і правядуць, то толькі ў тым выпадку, калі не прайграюць гэтую вайну канчаткова за той час, які ім патрабуецца на падрыхтоўку працэсу. І гэта будзе такі суд… для ўнутранага карыстання. Яшчэ адзін суд, якіх у Расіі шмат і які нікому, акрамя «Першага канала», у якасці суда не цікавы».

«Я супраць таго, каб пра суд над «Азовам» (калі ён адбудзецца) гаварылі, як пра штосьці, што можна перакласці на англійскую словам trial. Калі вы яго назавяце так — значыць проста гуляеце ў адной звязцы з Салаўёвым. Так нельга.

Можна назваць гэты суд show trial, kangaroo court (англійскія ідыёмы, якія азначаюць пародыю на правасуддзе, несумленны суд, прыгавор якога прадвызначаны загадзя.«НН»). Але гэта не суд. Таму што рашэнне гэтага суда будзе напісанае загадзя».

Таксама Ілля Новікаў папрасіў не ўспрымаць яго словы, як каментарый расійскага юрыста. Ён выказваецца як украінец, які лічыць, што азоўцаў уратуюць толькі перамогі Украіны на фронце.

«Я бачу такі шлях. Калі хтосьці бачыць іншы, і ведае, як іх абараняць у расійскім судзе, каб стала лепш, а не горш, што ж, окей, хай спрабуе.

Калі вашы чытачы ўбачаць мой каментарый як юрыста, то могуць падумаць, што гэтая гісторыя пра права, калі я юрыст. І акажацца, што мы з вамі іх падманулі».

Для чаго тады наогул гэтае прызнанне «Азова» тэрарыстычнай арганізацыяй?

«Людзям, якія займаюцца юрыдычнай абслугай Пуціна, таксама трэба нечым сябе заняць. І сёння, калі ты займаешся чымсьці, што мае дачыненне да вайны, ты большы малайчына, чым той, хто займаецца кішэннымі крадзяжамі, — тлумачыць Ілля Новікаў. —

Вярхоўны суд зробіць сваю працу, пракурор зробіць сваю працу, дэпутаты неяк там прагаласуюць — людзі пры справе.

Казаць, што лёс канкрэтнага азоўца будзе залежаць ад таго, ці прызнае яго Расія тэрарыстам, немагчыма. Яго лёс будзе залежаць ад таго, як пойдзе вайна і ад таго, што атрымаецца з перамовамі па выніках гэтай вайны.

А казаць пра дыпламатыю, правасуддзе, гуманітарнае вымярэнне — гэта, на жаль, не выйсце. І самі азоўцы разумеюць гэта лепш за нас з вамі».

Але ці магчыма, што «Азоў» прызнаюць тэрарыстамі, каб выключыць магчымасць абмену іх як ваеннапалонных?

«А навошта так складана? Усё прасцей: не захацелі, ну і не памянялі.

Вы думаеце, Пуцін ставіцца да людзей, зыходзячы з таго, што закон кажа? Што калі закон забараняе, то іх не будуць мяняць?

У мінулыя гады да Пуціна пастаянна хадзілі розныя дэпутацыі: прасілі адпусціць Сянцова, Саўчанка, Хадаркоўскага і гэтак далей.

Цяпер да яго ніхто хадзіць не будзе, каштоўны досвед Макрона паказаў, што з Пуціным не трэба ні пра што гаварыць. Ва ўсякім выпадку, я спадзяваюся, што цяпер такіх хадакоў не будзе. Могуць знайсціся і нейкія дурні, якія пойдуць. Але тады закон прымуць толькі дзеля таго, каб гэтым дурням Пуцін адказаў: «Не, вось у нас такі закон, дэпутаты прынялі, я не магу паўплываць»?

Абмен азоўцаў залежыць выключна ад сітуацыі на фронце і добрай волі Пуціна. І чым горш для Пуціна будзе складвацца сітуацыя на фронце, тым больш у яго будзе добрай волі. А можа і наогул, гэта будзе ўжо не ён», — адзначае Новікаў.

Азоўцы, падкрэслівае Новікаў, — «закладнікі, ад таго асудзяць іх ці не, нічога не зменіцца, яны так і застануцца закладнікамі. Яны не падазраваныя, не абвінавачаныя — яны закладнікі. Іх будуць трымаць пад замком, магчыма, што з іх будуць здзекавацца. Але гэта ніяк не будзе звязана ні з якімі расійскімі законамі», — кажа юрыст.

Nashaniva.com