Па законе можна, а па факце — не. Чаму ў Беларусь немагчыма ўвезці электрамабіль без сплаты мыта?
Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі яшчэ ў сакавіку апублікаваў рашэнне абнуліць мытную пошліну на ўвоз электрамабіляў да 2024 года. Праз дзесяць дзён норма мусіла набыць сілу, але прывезці электрамабіль, не сплаціўшы мыта, немагчыма дагэтуль. «Наша Ніва» расказвае, у чым прычына.
23.05.2022 / 18:09
Фота: tesla.com
Пошліны абнуляюць не ў першы раз
Папярэдні раз Савет ЕЭК абнуляў пошліны на электрамабілі з 4 мая 2020 года па 31 снежня 2021 года. На працягу гэтага перыяду ў жадаючых не ўзнікала ніякіх перашкод, каб скарыстацца такой магчымасцю.
З наступленнем 2022 года пошліна вярнулася. Ад 1 студзеня пры ўвозе электрамабіляў у краіну трэба аплочваць 15% пошліны.
Аднак у сярэдзіне красавіка ў СМІ (у тым ліку дзяржаўных) пачала з’яўляцца інфармацыя пра тое, што неўзабаве беларусы зноў змогуць прывозіць электрамабілі з трэціх краін без сплаты мыта.
Рашэнне Савета ЕЭК № 39, прынятае 17 сакавіка, прадуглежвала адмену пошліны на ўвоз электрамабіляў. Аднак у адрозненне ад папярэдняга дакумента ў ім маецца некалькі раней невядомых выключэнняў і патрабаванняў.
Усім можна, а расіянам — не
Дакумент прадугледжвае, што ад выплаты пошліны вызваляць толькі грамадзян Беларусі, Арменіі, Казахстана і Кіргізіі. То-бок, расіяне пад змены не падпадаюць. Апроч гэтага, не дапускаецца перадача правоў валодання, карыстання і распараджэння электрамабілямі асобам, якія маюць грамадзянства і / або пастаянна жывуць у Расіі. Абмежаванні дзейнічаюць да моманту сплаты пошлін, але не больш за тры гады ад даты рэгістрацыі пасажырскай дэкларацыі.
Яшчэ адным важным момантам, якога не было раней, з’яўляецца патрабаванне перадаць у мытны орган адпаведнай дзяржавы —члена ЕЭК дакумент, выдадзены ўпаўнаважаным органам названай дзяржавы, які ўтрымлівае звесткі пра асобу, што ажыцяўляе ўвоз такіх тавараў, колькасць увазных тавараў і іх кошт. Поўны тэкст дакумента можна пачытаць тут.
Орган дагэтуль нявызначаны
Менавіта праз патрабаванне падаць гэты дакумент у беларусаў няма магчымасці сплачваць 0% пошліны замест 15%. Справа ў тым, што ў Беларусі, дагэтуль не вызначылі той самы ўпаўнаважаны орган, які будзе выдаваць неабходны дакумент.
Як паведамілі ў мытні, пакуль невядома, што гэта будзе за орган, які будзе выдаваць дакумент, пра які гаворыцца ў рашэнні Савета ЕЭК № 39. Калі будзе вызначаны гэты орган, у мытні таксама не ведаюць. Таму вынікае, што праз немагчымасць атрымаць дакумент, патрэбны для размытнення па стаўцы 0%, усе электрамабілі пакуль размытніваюцца па пошліне ў памеры 15% ад мытнай вартасці. Пры размытненні па 140-м указе — 7,5%.
Адзначым, што на афіцыйным сайце мытні інфармацыі пра размытненне электрамабіляў па стаўцы 0% няма. Усе звесткі тычыцца 15%-най стаўкі, якая зараз фактычна і ўжываецца.